Для выбаршчыкаў Дварэцкага ўчастка для галасавання № 8 канцэртную праграму падрыхтавалі работнікі мясцовага Дома культуры.
Вядучая праграмы Ірына Цяцерына павіншавала прысутных з адметным днём: сёння і выбары ў Парламент, і свята работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці, і нават дзень участковага інспектара міліцыі.
Да віншаванняў далучыліся старшыня Дварэцкага сельвыканкама Канстанцін Вінцукевіч і старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Уладзімір Казак.
Песня “Вёсачка мая” адразу настроіла прысутных на танцавальны лад. Завальсіраваў старшыня сельвыканкама Канстанцін Адамавіч. Праўда, яго танцавальны парыў ніхто не падтрымаў, аднак адкружыўся ён з партнёршай сумленна, да апошняй ноты.
Канцэртную праграму склалі песні ў выкананні сямейнай пары Баклушыных – Аляксандра і Людмілы, Святланы Венскай, Людмілы Гародка, Валянціны Скок, Анастасіі Цяцерынай.
На ўсіх выбарчых участках у Дзятлаве таксама ладзіліся музычныя выступленні. Работнікі раённага Цэнтра культуры падрыхтавалі праграму “Калі мы адзіныя, то мы непераможныя!”. Віталі выбаршчыкаў у гэты знамянальны і важны для нашай краіны дзень і дарылі добры настрой Ала Чарняўская, Аляксандр Раеўскі, Аксана Кашляк, Вікторыя Кончык, Наталля Бузук, Ірына Касацікава.
Святлана ГРЫШЫНА
Вольга ЮШКЕВІЧ