Да Cусветнага дня дзіцяці

Грамадства Свежыя навіны

20 лістапада адзначаецца Сусветны дзень дзіцяці, Дзень абароны правоў дзіцяці.

Дата 20 лістапада выбрана не выпадкова. Яна прыметная тым, што менавіта гэтага чысла ў 1959 годзе Генеральная Асамблея прыняла Дэкларацыю правоў дзіцяці. А ў 1989 годзе, таксама 20 лістапада, была прынята Канвенцыя аб правах дзіцяці, якая абавязвае ўсе краіны забяспечыць дзецям добрае жыццё.

З 18.11.2019 па 22.11.2019 у дзяржаўнай установе адукацыі «Гезгалаўскi яслi-сад» праходзiць Тыдзень прававых ведаў.

У рамках тэматычнага тыдня для бацькоў дашкольнікаў была праведзена прэс-акцыя “Прававы веснік”, кансультацыі “Прававыя асновы сямейнага выхаванння”, “Правы дзіцяці, іх захаванне ў сям’і”. Таксама 21.11.2019 плануецца правядзенне прававой гадзіны для бацькоў, чые дзеці прызнаны ў сацыяльна небяспечным становішчы.

Сёння, 20 лістапада, прайшла забава, прысвечаная Сусветнаму дню дзіцяці. Вядучая мерапрыемства педагог сацыяльны Г.В.Гаўрош пазнаёміла дашкольнікаў з асноўным дакументам, у якім змешчаны правы дзяцей усяго свету – Канвенцыяй аб правах дзіцяці, і перакладам гэтага дакумента на дзіцячую мову – кнігай Р.Остэра “Правы дзіцянят”. Дашкольнікі рознаўзроставай групы №3 ўспомнілі і назвалі свае асноўныя правы, пра якія яны даведаліся раней на занятку “Нашы правы”. Затым спыніліся на Праве дзяцей на імя і пагулялі ў гульню “Імёны”: кожны павінен быў назваць саё імя і дадаць якасць, якая пачынаецца на тую ж літару (напрыклад: Матвей – мужны і г.д.). Пасля дзецям быў паказаны іх асноўны дакумент – Пасведчанне аб нараджэнні – і растлумачана яго прызначэнне. Дзеці праслухалі жартоўны верш “Мае правы” і паразважалі аб тым, чаму герой верша не мае рацыю ў вызначэнні сваіх правоў. Далей з дашкольнікамі была праведена гульня “Згодны – не згодны”. На свяце гучалі вершы з пажаданнямі дзецям больш усміхацца, радавацца жыццю, а дарослыя будуць спрыяць развіццю дзяцей і абароне іх правоў. У канцы мерапрыемства ўсіх дзяцей чакаў салодкі пачастунак – як жа свята без гэтага?

На працягу тыдня плануецца правяденне конкурсу дзіцячага малюнка “Я маю права”, віктарыны для дзяцей рознаўзроставай групы №3 “Адгадай загадкі” (пра правы дзяцей), прававой азбукі “Кожнае дзіця мае права” і іншых мерапрыемтсваў падобнай тэматыкі.

У нашым яслях-садзе ўсе ўпэўнены, што самае дарагое на свеце – гэта нашы дзеці, таму і надаецца такая вялікая ўвага ўсяму, што звязана з дзецьмі.

Мы жадаем усім дзецям дабра, няхай лёс захоўвае іх ад усяго злога, няхай паўсюль гучыць дзіцячы смех і ў кожнага дзіцяці будзе сям’я, якая яго любіць яго і беражэ!

 

Галiна Гаўрош,
педагог сацыяльны