Напярэдадні Дня маці ў Дзятлаўскім краязнаўчым музеі прайшло пасяджэнне літаратурнага аб’яднання “Пралескі” пад назвай “Светлае імя – Мама”.
Гучалі цёплыя, шчырыя словы ў адрас мамы, вершы пра маці, песні, успаміны.
Кожны з прысутных дзяліўся самым патаемным, глыбінным, тым, што носіць шмат гадоў у сэрцы.
Алена Абрамчык расказала пра сваю маці, якой сёлета споўнілася 87 гадоў. Жыве яна за 200 кіламетраў ад Дзятлава, у другой вобласці, таму дачка не можа наведваць яе часта, але тэлефануе амаль кожны дзень, дзеліцца навінамі, сваімі поспехамі. Алена Рыгораўна прачытала верш, які прысвяціла сваёй маме.
Раіса Уладзіміраўна Лакіза падзялілася ўспамінамі пра дзяцінства, а Міхаіл Іванавіч Лук’янчык расказаў пра створаную іх сям’ёй кнігу-радавод, у якой галоўнай дзеючай асобай з’яўляецца маці, там жа змешчаны і яе вершы.
Шчырымі пачуццямі пранізаны радкі верша Лідзіі Іванаўны Нічыпар. Яны расчулілі прысутных да слёз, а расказ Яўгеніі Рыгораўны Савань пра маці, якую яна страціла ў раннім узросце, нагадаў пра тое, як важна, калі маці побач з табой, ідзе па жыцці поплеч.
Сустрэча атрымалася шчырай і цёплай.