Прыйшла восень – работ стала восем

Важнае Свежыя навіны Эканоміка і сельская гаспадарка

З надыходам перадапошняга месяца восені працы ў сельгаспрадпрыемствах раёна, безумоўна, становіцца значна менш, але адказныя аграрыі прывыклі даводзіць усё распачатае да завяршальнай кропкі.

Пакуль не выкапаны апошні гектар цукровых буракоў і не ўзараны апошні кавалак зямлі, паслабляцца рана.

 

Сонечным восеньскім днём на палетках КСУП “Русь-Агра” ва ўрочышчы каля вёскі Засецце ва ўсю кіпелі работы па нарыхтоўцы і транспарціроўцы ўраджаю цукровых буракоў.

Як паведаміў загадчык участка КСУП “Русь-Агра” Дзмітрый Вайтушка, плошча пасадкі ўчастка ва ўрочышчы “Засецце” складае 90 гектараў, агульная плошча пасадкі гэтай сельскагаспадарчай культуры ў гаспадарцы – 300 гектараў. Па стане на 15 кастрычніка сярэдняя ўраджайнасць караняплодаў склала 430 цэнтнераў з гектара.

У КСУП “Русь-Агра” нарыхтоўку цукровых буракоў ажыццяўляе магутны буракаўборачны камбайін маркі “Holmer T3”, якім кіруе вопытны механізатар Пётр Маложын.

На пагрузачным камбайне “Holmer” ва ўрочышчы каля вёскі Засецце працуе Міхаіл Семенік – механізатар КСУП “Войневічы”, які накіраваны на дапамогу ў сельгаспрадпрыемства КСУП “Русь-Агра”. У размове з намі Міхаіл Мікалаевіч адзначае, што штодзённы план пагрузкі цукровых буракоў складае больш за 1000 тон. Усяго з участка плануюць нарыхтаваць каля 6500 тон цукровых буракоў, па стане на 15 кастрычніка сабрана 5000 тон караняплодаў. На адвозцы ўраджаю цукровых буракоў дапамагаюць работнікі Міроўшчынскай сельгасхіміі.

Сёлета ў раёне вырошчваннем салодкіх каранёў займаюцца шэсць сельгасарганізацый: КСУП “Русь-Агра”, “Хвінявічы”, “Войневічы”, “Жукоўшчына”, “Дварэц-Агра”, аднак першымі справіліся з пастаўленымі задачамі па ўборцы ўраджаю цукровых буракоў работнікі ААТ “Граніт-Агра”.

Агульная плошча пасадак салодкага караняплоду па раёне складае 1050 гектараў. Паводле інфармацыі ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання, па стане на 15 кастрычніка сельскагаспадарчымі арганізацыямі раёна ўбрана 75 % плошчаў цукровых буракоў, сярэдняя ўраджайнасць па раёне складае 482 цэнтнеры з гектара.

Паралельна працягваюцца работы па нарыхтоўцы бульбы. Ураджай другога беларускага хлеба плануюць скончыць бліжэйшымі днямі. Па стане на 15 кастрычніка бульба ў раёне сабрана з плошчы 219,5 гектара, што складае 81 працэнт ад запланаванага, сярэдняя ўраджайнасць па раёне – 275 цэнтнераў з гектара.

Як калісьці ўдала прымецілі нашы продкі: прыйшла восень – работ стала восем. Але аграрыі спадзяюцца з сезоннымі восеньскімі работамі справіцца своечасова і якасна.

Аксана АНДАЛЮКЕВІЧ