Ніхто не забыты, нішто не забыта

Галоўнае Грамадства Свежыя навіны

24 кастрычніка Дзятлаўшчына далучылася да патрыятычнай акцыі “На славу агульнай Перамогі!”.

Гэту міжнародную акцыю памяці, прысвечаную 75-й гадавіне Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, якую будзем святкаваць 9 мая 2020 года, Беларусь праводзіць для ўшанавання загінулых. У час акцыі ва ўсіх рэгіёнах краіны праходзяць цырымоніі забору зямлі з воінскіх пахаванняў.

У сельскіх саветах нашага раёна і горадзе Дзятлаве прайшлі мітынгі памяці. У час іх была ўзята зямля з брацкіх магіл і месцаў пахавання ахвяраў фашызму. Удзел у мітынгах прынялі прадстаўнікі ўлады, афіцэры, удзельнікі грамадскіх арганізацый, школьнікі, моладзь, мясцовыя жыхары.

Варта зазначыць, што фіналам праекта стане закладка свяшчэннай зямлі, узятай з усіх памятных месцаў рэспублікі, у крыпце Храма-помніка ў гонар Усіх Святых у Мінску. Цырымонія пройдзе 9 мая 2020 года – у свята 75-годдзя Вялікай Перамогі.

У горадзе Дзятлаве вахта памяці ў рамках патрыятычнай акцыі “На славу агульнай Перамогі!” пачалася ля брацкай магілы, якая знаходзіцца на тэрыторыі цэнтральнай раённай бальніцы. Тут пахаваны 14 воінаў Чырвонай Арміі і партызан.

– Сёлета мы адзначылі юбілейную дату – 75-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, – звярнуўся да прысутных ваенны камісар Дзятлаўскага раёна Генадзь Суравец. – Наступны год таксама адметны: будзем святкаваць юбілей Вялікай Перамогі. Тут мы сабраліся, каб ушанаваць памяць загінулых, якія цаной свайго жыцця адстаялі свабоду і незалежнасць нашай краіны. Мы павінны быць дастойныя іх у нашых справах, учынках, вучобе.

Генадзь Тадэвушавіч напоўніў пранумараваную капсулу зямлёй з пахавання.

Хвілінай маўчання ўшанаваць памяць абаронцаў Айчыны і мірных жыхароў, загінулых у гады Вялікай Айчыннай вайны, заклікала прысутных вядучая мітынга Наталля Маліноўская. Як сімвал нязгаснай памяці, нібы іскрынка ад вечнага агню, ля пахавання была зацеплена лампадка. Дзеці і дарослыя ўсклалі кветкі да манумента.

У гэты дзень такія ж мітынгі прайшлі на гарадскіх могілках у Дзятлаве на брацкай магіле, дзе пахаваны 11 членаў падпольнага і антыфашысцкага камітэта, і ля абеліска Славы, дзе знаходзяцца брацкая магіла і магіла невядомага салдата, у якіх пахаваны 14 воінаў Чырвонай Арміі.

Заўтра, 25 кастрычніка, у гарадскім парку, ва ўрачыстай абстаноўцы зямлю, сабраную з месцаў пахавання Дзятлаўшчыны, змесцяць у агульную капсулу, якая спачатку будзе захоўвацца ў Дзятлаўскім гісторыка-краязнаўчым музеі, а затым трапіць у Мінск, у храм-помнік у гонар Усіх Святых.

Ірына СТЫРНІК