Напярэдадні свайго прафесійнага свята прымалі віншаванні, пажаданні і падзякі тыя, хто сваёй творчасцю, любоўю да выбранай прафесіі сагравае сэрцы іншых, хто стварае святочны настрой усім, хто адчыняе кожнаму чалавеку запаветныя дзверцы ў свет цудоўнага – гэта работнікі культуры нашага раёна.
Святочнае мерапрыемства для іх прайшло ў Дзятлаўскім цэнтры культуры.
А перад пачаткам канцэрта ў фае працавала імправізаванае кафэ, арганізаванае пярвічнымі прафсаюзнымі арганізацыямі ўстановаў культуры, куды запрасілі былых работнікаў галіны. Як адзначылі самі госці, вельмі прыемна, што іх не забываюць, запрашаюць на святы, што выдалася такая цудоўная нагода ўбачыцца, пагаварыць, падзяліцца навінамі, даць парады ў рабоце маладому пакаленню.
Работнікаў, ветэранаў працы культуры павіншаваў намеснік старшыні Дзятлаўскага райвыканкама Ігар Кухарэвіч. Ён адзначыў, што культработнікі аддаюць багацце сваёй душы, дораць людзям радасць стасункаў з цудоўным. Дзякуючы іх намаганням і творчасці зараджаецца любоў да мастацтва. Пажадаў моцнага здароўя, дабрабыту, творчасці, энергіі, каб праца работнікаў культуры была ацэнена гледачамі і зала заўжды апладзіравала ім стоячы. Ігар Станіслававіч уручыў першыя святочныя ўзнагароды работнікам культуры – гэта Падзячныя лісты старшыні Дзятлаўскага райвыканкама.
Выказала работнікам культуры словы вялікай удзячнасці і глыбокай павагі за працу і прафесіяналізм, заклікала імкнуцца да самых высокіх вяршыняў начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Наталля Калодка. Яна пажадала добрага настрою, поспехаў ва ўсіх пачынаннях. За добрасумленную працу, значны ўклад у справу адраджэння, развіцця і захавання культуры Дзятлаўскага раёна Наталля Яўгенаўна ўзнагародзіла старанных работнікаў граматамі аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама.
Павіншавала тых, хто мае 20, 30 гадоў працоўнага стажу ў галіне культуры, старшыня райкама прафсаюзаў работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму Марына Бортка, пажадала новых творчых ідэй і праектаў усім сваім калегам.
Асаблівыя словы ўдзячнасці за іх працу, цёплыя апладысменты і кветкі былі адрасаваны ветэранам працы культуры.
Па ўжо добрай традыцыі прынялі ў вялікую сям’ю работнікаў культуры маладых спецыялістаў, якім пажадалі творчасці, натхнення, поспехаў.
У гэты дзень на адрас тых, хто любіць сцэну, з’яўляецца памочнікам культработнікаў, таксама гучалі словы вялікай удзячнасці. Гэта ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці, кіраўнікі арганізацый раёна, грамадскіх арганізацый. Наталля Калодка ўзнагародзіла іх Падзячнымі лістамі.
Шмат сяброў прыйшло павіншаваць работнікаў культуры і ўшанаваць іх падарункамі. Пажадаў дабра і міру, удачы і здзяйснення жаданняў работнікам культуры ад раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Аляксандр Беленка. Падзякі за тое, што дораць людзям добры настрой, пажаданні творчых поспехаў, плёну ў працы гучалі ад старшыні Дзятлаўскага райкама прафсаюза работнікаў АПК Уладзіміра Казака, прадстаўніка дзятлаўскай сельгастэхнікі Уладзіміра Лаўніка, намесніка дырэктара па ідэалагічнай рабоце КСУП “Жукоўшчына” Алены Свіб, старшыні прафкама ААТ “Граніт-Агра” Алены Зенчык. Жартоўную “паэму” працоўным будням работнікаў метадычнага аддзела Цэнтра культуры прысвяціла намеснік галоўнага рэдактара газеты “Перамога” Іна Яўсейчык.
У якасці падарунка ад Дзятлаўскага краязнаўчага музея Алена Абрамчык прачытала свой віншавальны верш, выканала песню. Свой артыстызм і пачуццё гумару паказалі работнікі бібліятэкі, прадставіўшы сцэнку “Лявоніха на арбіце”.
Музычныя віншаванні ў гэты дзень дарылі таксама Таццяна Шостка, Сяргей Малышчык, Фёдар Маслакоў, Ганна Харлінская, Аляксандр Клімец, цыркавая студыя “Марсі”, Валерый Макарчык, Наталля Бузук, група “Бархат”.
Святлана ГРЫШЫНА
Фота Вольгі ЮШКЕВІЧ