Калі сябруеш з кнігай

Важнае Грамадства Свежыя навіны

Дзятлаўская раённая бібліятэка была заснавана ў 1947 годзе і прайшла значны шлях свайго станаўлення.

У наш час Дзятлаўская цэнтральная раённая бібліятэка ўключае аддзелы бібліятэчнага маркетынгу, камплектавання і апрацоўкі, арганізацыі адзінага фонду, абслугоўвання і інфармацыі.

Аддзел бібліятэчнага маркетынгу аказвае метадычную і практычную дапамогу бібліятэкам па арганізацыі бібліятэчнага абслугоўвання насельніцтва, ажыццяўляе арганізацыю рэкламнай дзейнасці, распрацоўку і распаўсюджванне метадычных і інфармацыйна-рэкламных матэрыялаў, ука­раняе лепшы вопыт работы бібліятэкі, павышае кваліфікацыю бібліятэчных кадраў.

Святлана Сербін, загадчыца аддзела бібліятэчнага маркетынгу, зазначае:

– У рэспубліканскім конкурсе “Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры” ўжо тры гады запар мы займаем прызавыя месцы. Чакаем вынікаў з конкурсу “Бібліятэка – цэнтр духоўнай асветы і выхавання”, куды бібліятэка гарпасёлка Казлоўшчына паслала вельмі цікавы
матэрыял па гісторыі царквы.

Аддзел камплектавання і апрацоўкі, арганізацыі адзінага фонду праводзіць закупку літаратуры, далейшую яе апрацоўку і распаўсюджванне па бібліятэках раёна.

Ядзвіга Хохлач, бібліятэкар, тлумачыць:

– Калі паступаюць запыты на канкрэтную кнігу або працяг серыі, мы, па магчымасці, спрабуем задавальняць жаданні чытачоў. Літаратуру заказваем розную, але пераважна мастацкую.

Аддзел абслугоўвання і інфармацыі аб’ядноўвае ў сабе кнігасховішча, чытальную залу, аддзел абанемента.

Вольга Бойка, загадчыца аддзела абслугоўвання і інфармацыі, расказвае:

– У аддзеле абанемента ў нас прадстаўлена мастацкая, рэлігійная і дзіцячая літаратура, ёсць стэлаж з кнігамі па гісторыі.
Чытальная зала прапануе галіновую літаратуру, энцыклапедыі, слоўнікі, папулярныя ў чытачоў газеты і часопісы. А ў кнігасховішчы знаходзіцца сусветная класіка. Бібліятэкары лічаць сваю працу цікавай і творчай. Работнікі рады кожны дзень сустракаць новых людзей, а яшчэ больш рады новым кнігам у бібліятэцы. Дзякуючы пастаянным мерапрыемствам, якія праходзяць тут, работнікі вядуць насычанае жыццё.

Святлана Магера, бібліятэкар першай катэгорыі чытальнай залы, гаворыць:

– У нас шмат пастаянных чытачоў. Наша чытачка Вольга Балабанская прыходзіць у бібліятэку кожны дзень або праз дзень, выбірае сучасных
аўтараў. Рычард Дзіцэвіч аддае перавагу фантастыцы. Святлана Жых з мужам чытаюць толькі рэлігійныя кнігі.

Работнікі Дзятлаўскай раённай бібліятэкі ажыццяўляюць падворны абход сваіх чытачоў, наведваюць дома людзей, якія не могуць дайсці ў бібліятэку з-за хваробы, інваліднасці. Летам у гарадскім парку можна пазнаёміцца з выязной выставай і кніжнымі навінкамі.

Ганна Вянско, выконваючая абавязкі дырэктара, павіншавала калегаў з прафесійным святам:

– З Днём бібліятэк, паважаныя. Дабрабыту вам, здароўя, пабольш яркіх момантаў і творчых ідэй. Ад усяго сэрца жадаю частых гасцей у нашых “бібліятэчных храмах”, прыемных сустрэч з людзьмі. Спадзяюся, што дзякуючы нам дзеці больш даведаюцца пра свет казак і гісторый, а дарослыя зноў павераць у мару і дабрыню.

Даведка:

Дзятлаўскі раён налічвае 13 бібліятэк (10 сельскіх, 2 – у гарпасёлках Казлоўшчына і Наваельня, аб’яднаныя дзіцячую і дарослую ў Дзятлаве). У бібліятэках раёна заняты 40 работнікаў, зарэгістраваны 5075 чытачоў, кнігавыдача складае 90 тысяч экзэмпляраў у год, 56 тысяч чалавек наведваюць бібліятэку штогод.

Лізавета ГРЫВАЧЭЎСКАЯ