Дзень Дварэцкага сельсавета

Важнае Свежыя навіны Эканоміка і сельская гаспадарка

Мерапрыемства з парадкам дня “Аб рабоце Дварэцкага сельскага Савета дэпутатаў па забеспячэнні развіцця сацыяльнай сферы, добраўпарадкаванні населеных пунктаў” прайшло 5 верасня пад кіраўніцтвам старшыні Дзятлаўскага раённага Савета дэпутатаў Аляксандра Бараноўскага. Удзел у сустрэчы прынялі старшыні раённых сельвыканкамаў.

З сацыяльна-эканамічным становішчам Дварэцкага сельскага савета і яго дзейнасцю ўдзельнікаў мерапрыемства пазнаёміў яго старшыня Канстанцін Вінцукевіч.

–У склад Дварэцкага сельсавета ўваходзяць два аграгарадкі і 28 вёсак, падведамасная тэрыторыя складае 148,37 кв. км.

На тэрыторыі сельсавета размешчаны структурныя падраздзяленні, сярод якіх КСУП “Дварэц-Агра”, ААТ “Дварэцкі льнозавод”, піларама, Раготнаўскае лясніцтва, “Боркоўскі вытворчы ўчастак ААТ “Рагозніцкі крухмальны завод”.

Сфера адукацыі прадстаўлена дзяржаўнымі ўстановамі “Дварэцкая сярэдняя школа”, “Раготнаўскі дзіцячы сад-базавая школа”, “Дварэцкі яслі-сад”.

Медыцынскае абслугоўванне насельніцтва ажыццяўляюць  амбулаторыі ў аграгарадках Дварэц і Раготна.

Гандлёвая сетка прадстаўлена некалькімі аб’ектамі гандлю рознай формы ўласнасці. У Раготне і Васевічах працуюць два магазіны змешанага тыпу, акрамя гэтага на тэрыторыі сельсавета дзейнасць ажыццяўляюць два прадуктовыя магазіны і адзін  магазін прамысловых тавараў індывідуальнай формы ўласнасці. Населеныя пункты, якія не маюць магазінаў, абслугоўваюцца аўтамагазінамі па ўсталяваным графіку.

Дзятлаўскі філіял Гродзенскага аблспажыўтаварыства прапануе насельніцтву сямейны адпачынак у кафетэрыі “Вясёлка”.

Культурны і вольны час насельніцтва сельсавета забяспечваюць дзве бібліятэкі, Дварэцкі дом культуры.

Працуюць два аддзяленні паштовай сувязі, аддзяленне ААБ Беларусбанк, цырульня.

Асобна Канстанцін Вінцукевіч адзначыў, што адной з асноўных праблем па-ранейшаму з’яўляецца змяншэнне колькасці насельніцтва.  Са студзеня 2019 года насельніцтва сельсавета зменшылася на 28 чалавек. Частка працаздольнага насельніцтва мяняе месца жыхарства. На тэрыторыі сельсавета па стане на 1 верасня 2019 года пастаянна жывуць 1665 чалавек. Колькасць дзяцей ва ўзросце да 15 гадоў – 205 чалавек, 856 чалавек працаздольнага ўзросту, 604 пенсіянеры. На тэрыторыі сельсавета жывуць 15 шматдзетных сем’яў, у якіх выхоўваецца 58 дзяцей.

Асноўная частка насельніцтва сельсавета сканцэнтравана ў двух населеных пунктах: аграгарадку Дварэц (837 чалавек), аграгарадку Раготна (312 чалавек).

Пры Дварэцкім сельвыканкаме створаны і працуюць грамадскі пункт аховы правапарадку і Камісія па пажарнай бяспецы.

Асаблівая ўвага надаецца адзінокім і адзінока пражываючым грамадзянам, сем’ям, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, сем’ям, у якіх выхоўваюцца дзеці-інваліды, а таксама асобам, схільным да злоўжывання спіртнымі напоямі.

З жыхарамі праводзяцца гутаркі аб захаванні правілаў пажарнай бяспекі, рэкамендуецца устаноўка АПА. Ня гледзячы на ўсю праводзімую работу, за мінулы перыяд 2019 года ў сельсавеце назіраецца рост колькасці пажараў. Сёлета зарэгістравана дзевяць выпадкаў загарання сухой расліннасці.

Адзін раз у месяц праходзяць пасяджэнні грамадскага пункта аховы правапарадку, на якія  па інфармацыі АУС Дзятлаўскага райвыканкама, РАНС, следчага камітэта выклікаюцца асобы, схільныя да злоўжывання спіртнымі напоямі, правапарушэнняў, непрацуючыя грамадзяне.

Штогод на падведамаснай тэрыторыі сельсавета арганізуюцца суботнікі па навядзенні парадку на зямлі, праводзіцца работа па добраўпарадкаванні населеных пунктаў, могілак, інтэнсіўна вядзецца барацьба з баршчэўнікам.

Абмеркаваўшы асноўныя пытанні павесткі дня, удзельнікі мерапрыемства наведалі сацыяльна значныя аб’екты, сярод якіх

Дварэцкі дом культуры, мясцовыя сярэдняя школа і дзіцячы яслі-сад, Дварэцкая бібліятэка, праваслаўны храм Пакрова Прасвятой Багародзіцы, мясцовыя і сельскія магазіны рознай формы ўласнасці, Раготнаўская амбулаторыя, сталовая КСУП “Дварэц-Агра”, Раготнаўскае лясніцтва, майстэрня ў вёсцы Васявічы па вырабе каваных рэчаў індывідуальнага прадпрымальніка Аляксандра Жыха, а таксама добра вядомая ў раёне  аграсядзіба “Каля дуба” ў Цяцейках.

Вынікі сустрэчы падвёў старшыня Дзятлаўскага раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі. Ён станоўча ацаніў дзейнасць кіраўніцтва і работнікаў Дварэцкага сельвыканкама па добраўпарадкаванні сацыяльна важных аб’ектаў, работу па арганізацыі санітарнага стану на падведамасных сельвыканкаму тэрыторыях.

Аксана АНДАЛЮКЕВІЧ