Выстава-прэзентацыя Мікалая Несцярэўскага ў Дзятлаўскім музеі

Галоўнае Грамадства Свежыя навіны

Шостага жніўня ў музеі горада Дзятлава адбылася выстава-прэзентацыя нашага земляка Мікалая Несцярэўскага “Тварэнні рук, сагрэтыя цяплом”, прысвечаная 75-годдзю ўтварэння Гродзенскай вобласці.

На мерапрыемства сабраліся краязнаўцы, аматары творчасці нашага земляка, прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў. Адным з ганаровых гасцей быў старшыня Дзятлаўскага райвыканкама Аляксандр Дубовік. Ён павітаў усіх прысутных, адзначыў, што Мікалай Несцярэўскі і па сёння працягвае ўслаўляць Дзятлаўшчыну сваёй непаўторнай творчасцю, падзякаваў яму за ўдзел у культурным жыцці раёна, пажадаў даўгалецця, творчых поспехаў, новых ідэй.

Вядучыя мерапрыемства ўзгадалі старонкі гісторыі станаўлення Гродзенскай вобласці і непасрэдна горада Дзятлава. Упершыню ён згадваецца ў летапісах у 1498 годзе, калі вялікі князь літоўскі Аляксандр за воінскія перамогі над татарамі падарыў двор Здецело свайму гетману, князю Канстанціну Іванавічу Астрожскаму з правам заснаваць тут мястэчка. Ніхто не служыў Вялікаму Княству Літоўскаму адданей за Астрожскага, праваслаўнага верніка, які застаўся прыкладам служэння Радзіме на многія стагоддзі. Заслугі князя перад Радзімай і падштурхнулі дзятлаўчан да ідэі ўстаноўкі помніка князю Астрожскаму ў Дзятлаве як заснавальніку і першаму ўладальніку мястэчка.

Не застаўся ўбаку і наш зямляк Мікалай Несцярэўскі. На выставе тры яго новыя работы раскрываюць гэтую ідэю. Гэта партрэт К. І. Астрожскага, бюст К. І. Астрожскага і макет помніка ў горадзе Дзятлава. Мікалай Лаўрэнцьевіч сам расказаў пра свае работы, больш падрабязна спыніўся на макеце новага помніка.

Прыйдзе час, калі мы самі, дзятлаўчане, будзем, гуляючы па вуліцах горада, распавядаць пра Канстанціна Іванавіча Астрожскага, стоячы каля прыгожага помніка ў гонар нашага заснавальніка.

Усе, хто прыйшоў у музей, змаглі бліжэй пазнаёміцца з працамі мастака, падоранымі Дзятлаўшчыне і дзятлаўчанам.

Вольга ЮШКЕВІЧ



Теги: