Асноўныя прынцыпы здаровага харчавання павінны закладвацца з ранняга дзяцінства, і прытрымлівацца іх неабходна на працягу ўсяго жыцця.
Энергетычная адпаведнасць. Гэта значыць, што колькасць спажываемай энергіі з ежай павінна адпавядаць расходуемай. Фізічная дзейнасць аказвае істотны ўплыў на расход энергіі ў арганізме чалавека.
Разнастайнасць. Рацыён павінен быць разнастайным і ўтрымліваць дастатковую колькасць бялкоў, тлушчоў, вугляводаў, вітамінаў і мінеральных рэчываў у кожны асноўны прыём ежы. Вельмі шкодныя транстлушчы, якія ўтрымліваюцца ў ежы хуткага прыгатавання, маргарынах, соусах, мучных кандытарскіх вырабах.
Колькасць вугляводаў у рацыёне чалавека павінна складаць да 3,5 грамаў на 1 кг масы цела. Колькасць цукру не павінна перавышаць 50 грамаў.
Штодня неабходна ўжываць у ежу не менш за 400 грамаў агародніны і садавіны, не лічачы бульбы. Наяўнасць у агародніне клятчаткі і пекціну стварае пачуццё насычэння, рэгулюе функцыі кішэчніка.
Рэжым прыёму ежы. Дробны рэжым (пяць раз у дзень) прыёму ежы дазваляе чалавеку не адчуваць голаду. Важна імкнуцца да пастаянства прыёмаў ежы па гадзінах на працягу дня.
Захаванне пітнога рэжыму. Неабходная колькасць вадкасці ў дзень складае 1,5-2,5 літра. Частка з гэтай колькасці расходуецца на прыгатаванне ежы, іншая частка — у якасці піцця. Інтэрвал паміж піццём і прыёмам ежы павінен складаць не менш за 30 хвілін.
Умовы прыёму ежы. Есці трэба ў спакойнай абстаноўцы, не спяшаючыся і не адцягваючыся на прагляд тэлевізара, камп’ютара, газет. Ежу трэба старанна перажоўваць, варта ўставаць з-за стала з пачуццём лёгкай сытасці, але не пераядання.
Абмежаванне паваранай солі. Норма — да 5 г у суткі (чайная лыжка без верху).
Вядома, ніхто не можа прымусіць нас правільна харчавацца, кожны чалавек прымае рашэнне сам. Важна памятаць, што ад гэтага рашэння залежыць самае дарагое — здароўе.
Людміла ЛАЗОЎСКАЯ,
загадчыца санітарна-эпідэміялагічнага аддзела райЦГЭ
Наталля ЮРЭНЯ,
валеолаг