Наваельня прымала гасцей

Важнае Культура і адпачынак Свежыя навіны

“Мне выпала шчасце тут нарадзіцца” – пад такой назвай 24 жніўня прайшло свята гарадскога пасёлка Наваельня.

Сёлетняе ўрачыстае мерапрыемства жыхары і госці аднаго з самых прыгожых і ўтульных мястэчкаў Дзятлаўшчыны адзначылі па-сапраўднаму весела, ярка і з запалам.

Першымі жыхароў і гасцей пасёлка павіталі работнікі Новаяльнянскага дома культуры. Словы віншаванняў і падзяк ад вядучых прагучалі ў адрас тых людзей, хто шчыра любіць і шануе мясціны, у якіх нарадзіўся і жыве, хто з’яўляецца дбайным гаспадаром сваёй малой радзімы, хто, нягледзячы на хуткія перамены сучаснасці, застаецца сапраўдным захавальнікам сямейных каштоўнасцяў і традыцый.

Права адкрыць свята было прадастаўлена старшыні Новаяльнянскага сельвыканкама Ірыне Кунахавец. Яна пажадала жыхарам і гасцям пасёлка моцнага здароўя, дабрабыту ў сем’ях, святочнага настрою, аптымізму, новых запамінальных уражанняў.

На цырымоніі ўзнагароджання адзначылі і павіншавалі самых працавітых, адказных і ініцыятыўных людзей пасёлка Наваельня, імёны якіх сёлета занесены на Новаяльнянскую Дошку гонару. Сярод іх: Тамара Бяляўская – работнік Новаяльнянскай сярэдняй школы; Святлана Баравік – работнік тэрапеўтычнага аддзялення мясцовай бальніцы; Марына Каплінская – работнік Новаяльнянскага дзіцячага сада; Іван Лашкоўскі – работнік мясцовага лясніцтва; Віктар Сушко – работнік структурнага падраздзялення ўчастка базы хімічнай прадукцыі ААТ “Дзятлаўская сельгастэхніка”; Зінаіда Чувак – работнік ААТ “Новаяльнянскі камбінат хлебапрадуктаў”; Ларыса Шукала – работнік установы “Рэспубліканская туберкулёзная бальніца “Наваельня”.

У гэты вечар віншаванні атрымалі старажылы пасёлка і самыя маленькія яго жыхары, і тыя, хто адзначае свае “залатыя” і “сярэбраныя” шлюбныя юбілеі.

Цёплыя словы падзякі Ірына Кунахавец выказала і ў адрас людзей, падворкі якіх з’яўляюцца ўзорам чысціні і парадку. Былі падведзены вынікі конкурсу на лепшы падворак і кветнік. Яго пераможцамі сталі Пелагея Крывеня, Ірына Драздова, Лідзія Трафімчык, Ніна Ганчар, сям’я Вячаслава і Таццяны Доўгач, сям’я Сямёна і Тамары Анушкевіч.

Грамату за актыўны ўдзел у канцэртнай дзейнасці Новаяльнянскага дома культуры атрымала Марына Кекшук.

Работнікі Новаяльнянскага дома культуры падрыхталі цікавую святочную праграму. На пляцоўцы побач са сцэнай для дзяцей працаваў гарадок атракцыёнаў: батуты, цір, надзіманыя горкі. Акрамя гэтага, працавалі гандлёвыя кропкі, дзе можна было набыць каштоўныя дробязі, сувеніры, цацкі. У аматараў салодкага была магчымасць паласавацца папкорнам і салодкай ватай.

Выстава карцін знакамітага мясцовага мастака Анатоля Кардаша стала сапраўдным арт-аб’ектам свята. Яркія, каляровыя пейзажы родных мясцін і спакойныя пейзажы марскіх узбярэжжаў і хваляў вабілі зрок кожнага, хто завітаў на свята. Не засталося раўнадушным да творчасці мастака і маладое пакаленне.

Карціну з выявай шыкоўнага букета цюльпанаў з рук мастака атрымала ў падарунак пераможца конкурсу на лепшае веданне імёнаў знакамітых мастакоў свету жыхарка пасёлка Наваельня Марына Марчук.

Працягнулася мерапрыемства вялікім святочным канцэртам, у якім прынялі ўдзел артысты Новаяльнянскага дома культуры, а таксама салісты Дзятлаўшчыны. Вельмі цёпла гледачы сустрэлі выступленні маленькіх жыхароў пасёлка, якія падрыхтавалі танцавальную кампазіцыю.

Сапраўдным сюрпрызам для ўсіх стаў канцэрт зорак беларускай эстрады Аляксея Рома і Ігара Аксюты.

Аксана АНДАЛЮКЕВІЧ