Гаспадыня малочнага цэха

Важнае Свежыя навіны Эканоміка і сельская гаспадарка

За доўгія гады  работы ў  КСУП “Войневічы” назапашаны багаты вопыт вядзення малочнай жывёлагадоўлі,  а апорай калектыву па-ранейшаму лічацца  аператары машыннага даення.

Пра тое, што праца на аб’ектах сельскагаспадарчай вытворчасці не з лёгкіх, ведае кожны: тут патрэбны і фізічная вынослівасць, і адказнасць, і добрасумленныя адносіны да справы. Асабліва прыемна, калі рады работнікаў папаўняюцца сапраўды адказнымі і працавітымі людзьмі.

У час наведвання гаспадаркі ў Войневічах на малочнатаварным комплексе “Ёцавічы” давялося пазнаёміцца з Тамарай Клімчук, якая з нядаўніх часоў працуе аператарам машыннага даення. Той, каму ўпершыню давядзецца знаёміцца з гэтай жанчынай, нават і не здагадаецца, кім яна працуе. Ветлівая, адкрытая, з прыемнай сціплай усмешкай, яна ўжо з першых хвілін знаёмства прываблівае да сябе. Ураджэнка тутэйшых мясцін, Тамара Клімчук  з маленства прызвычаілася да цяжкай сялянскай працы, таму і работы гэтай не цуралася ніколі.

Пад наглядам групы Тамары Клімчук  450 рагуляў. Як і любая дбайная гаспадыня, жанчына ведае характар і звычкі кожнай жывёліны. Валавы надой з пачатку бягучага года  па яе групе склаў 3 300 кілаграм. Усё малако ідзе гатункам “экстра”.

– Так, часам бывае цяжка. Вымотваюць і раннія пад’ёмы, і позняе вяртанне дадому, – дзеліцца назіраннямі жанчына. – Аднак паступова прывыкла. Стараюся працаваць адказна, бо сваю справу люблю ўсім сэрцам і душой. У гэтай прафесіі  недастаткова  толькі  ведання  тэхналогіі  даення.  Да  рагуляў,  як і да людзей, патрэбны  асабісты падыход, праца патрабуе стараннасці і ўвагі.

Па словах Тамары Васільеўны, усё вырашаюць адказныя адносіны да справы. Нягледзячы на ўсё большую механізацыю і аўтаматызацыю галіны, любоў да жывёл па-ранейшаму застаецца адным з найважнейшых крытэрыяў поспеху ў працы.

Аксана АНДАЛЮКЕВІЧ