Вопыт старэйшых – дапамога маладым

Важнае Свежыя навіны Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Вынослівасць, камунікабельнасць, спагада, добрая фізічная форма – гэтыя якасці можна без перабольшання назваць галоўнымі ў рабоце ратаўнікоў, тых, хто заўсёды гатовы прыйсці на дапамогу людзям у складаных сітуацыях, калі справіцца самому немагчыма.

Напярэдадні Дня пажарнай службы пра сваю работу, яе неабходнасць і важнасць расказалі Міхаіл Міхайлавіч і Яўген Міхайлавіч Макарчыкі, бацька і сын.

Міхаіл Міхайлавіч 21 год аддаў службе ў пажарнай часці ў Казлоўшчыне. А жаданне выбраць менавіта такую прафесію ўзнікла ў далёкім 1981 годзе, калі ён служыў на Балтыйскім ваенна-марскім флоце. Вось там і сустрэўся з пажарнымі рукавамі, са стваламі і вадой. Калі адслужыў, прыйшоў уладкоўвацца ў пажарную часць у Казлоўшчыне.

– Спачатку мяне не ўзялі, бо не было штатаў. Працаваў у іншых месцах. Але, відаць, гэта быў мой лёс, бо мяне ўсё ж запрасілі ў пажарную службу – інструктарам-прафілактыкам. А хутка я стаў начальнікам каравула. Працаваць пачынаў пад камандаваннем Сцяпана Рыгоравіча Дзянісіка, які вельмі паўплываў на маё станаўленне, шмат дапамагаў мне. Я б сказаў, чалавек старой загартоўкі, яшчэ поўны сіл, і хоць яму ўжо 92 гады, сам шмат што робіць па гаспадарцы.

Добра памятае Міхаіл Міхайлавіч і сваё “баявое хрышчэнне” – першы выезд на пажар: у Дзятлаве гарэў хлеў, вельмі доўга, цяжка было тушыць, але справіліся. Расказвае і пра іншыя выезды. У вёсцы Хамічы тушылі камбайн, спачатку вадой, але не дапамагло, тады ўключылі пену. Пасля старшыня калгаса аб’явіў падзяку. Вялікія пажары былі на Дварэцкім ільнозаводзе, у Рандзілаўшчыне, якія вельмі складана было тушыць, цяжка пра іх нават успамінаць.

– За 21 год, што я адслужыў, вядома, было яшчэ мноства выездаў на пажары, калі пра ўсё расказваць, можна мемуары напісаць. Усё ж, служба наша суровая. Трэба ўмець знаходзіць узаемаразуменне з людзьмі. Не раз даводзілася на пажары чуць, што мы прыехалі тушыць без вады, а як растлумачыць людзям, што ў цыстэрне было ўсяго дзве тоны вады, і яна хутка заканчваецца.

Былы пажарны лічыць, што самае галоўнае для людзей іх прафесіі – гэта выратаванне людзей. Неабходна адказна адносіцца да сваіх абавязкаў, рабіць усё акуратна.

– Раней мы толькі тушылі пажары, а цяпер абавязкаў у ратаўнікоў значна больш, служыць цяжэй. Хоць і тэхнічных магчымасцяў больш. Служба не толькі цяжкая, але і нервовая. Многія гавораць, што пажарныя спяць на адным баку 25 гадзін у суткі (усміхаецца). Але калі пажарны спіць, значыць краіна багацее – матэрыяльныя каштоўнасці не згараюць.

Ужо 12 гадоў Міхаіл Міхайлавіч на пенсіі, але яшчэ працуе вартаўніком у дзіцячым садзе. Любіць лавіць рыбу, купацца, парыцца ў лазні, чытаць, збіраць грыбы, а ў маладосці, расказвае, добра бегаў, займаў нават прызавыя месцы на спаборніцтвах у Гродне.

З нагоды прафесійнага свята жадае ўсім ратаўнікам здароўя, сямейнага дабрабыту, моцных нерваў.

Працягвае справу бацькі Яўген Макарчык.

– Тата заўжды адгаворваў мяне ад гэтай службы, казаў, што там вельмі цяжка. З дзяцінства я быў у яго на рабоце ў часці, усё бачыў. Пасля школы хацеў пайсці ў сілавыя структуры, нават падумваў стаць лётчыкам, але ўсё ж перавагу аддаў Міністэрству па надзвычайных сітуацыях.

Яўген скончыў Салігорскі дзяржаўны горна-хімічны каледж, затым па скарочанай форме вучыўся ў Гомельскім інжынерным інстытуце. Вось ужо восьмы год працуе ў Казлоўшчыне, з якіх шосты год – начальнікам пажарнага аварыйна-выратавальнага паста.

– Не шкадую, што выбраў гэтую прафесію, хаця спачатку было вельмі складана, аднак ужо прывык, цяжкасці не палохаюць. Калі ўзнікаюць нейкія пытанні па службе або неабходны парады, заўжды ведаю, што бацька дапаможа. Магчыма, сённяшнія маладыя спецыялісты і больш падрыхтаваныя тэарэтычна, у нас ёсць лепшае тэхнічнае аснашчэнне, чым было нават 20 гадоў назад, але багаты жыццёвы і практычны вопыт, якім валодае старэйшае пакаленне і дзеліцца з намі, ні з чым не параўнаць і нічым не замяніць. За што ім вялікі дзякуй.

Таксама, карыстаючыся магчымасцю, хачу павіншаваць з надыходзячым святам усіх сваіх цяперашніх калегаў і тых, хто знаходзіцца на заслужаным адпачынку, пажадаць ім сухіх рукавоў, добрага настрою, пабольш усмешак, спакойных дзён, каб бераглі сябе і сваіх блізкіх, цярпення, стойкасці духу.

Святлана ГРЫШЫНА
Фота Юліі БАКУНОВІЧ