Кожнае лета на базе сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава арганізуецца аздараўленчы летнік “Усмешка”.
Не зусім звычайнай у гэтым годзе была другая змена летніка, якая працавала па праекце “#Дзятлава – горад мары”. У адным з двух атрадаў сабраліся дзеці 10-11 гадоў, якія вырашылі не проста адпачываць, але і вывучаць гісторыю свайго раёна. Для іх былі арганізаваны веласіпедныя экскурсіі па маршрутах. Навучэнцы з задавальненнем пераадольвалі кіламетры, вывучаючы славутасці малой радзімы. Пабывалі на радзіме Ігната Дамейкі і Ігната Дварчаніна, пагулялі па маляўнічых месцах на тэрыторыі санаторыя “Радон”. Па дарозе знаёміліся з гістарычнымі помнікамі і мемарыяламі.
Акрамя велаэкскурсій, для ўсіх наведвальнікаў летніка былі арганізаваны экскурсіі на прадпрыемствы горада – РУП “Белпошта”, ДТСААФ, ТАА “Ізакам Пласт”, Дэпартамент аховы. А ў адзін з сонечных дзён выхаванцы адправіліся ў горад Гродна на дэгустацыю малочнай прадукцыі ААТ “Молочный мир”, дзе ім былі прапанаваны сыры, тваражкі, ёгурты і сыроваткі на любы густ.
Неаднаразова летнік наведвалі госці. Цікава праходзілі сустрэчы з прадстаўнікамі Дзятлаўскага РАНС і Дзятлаўскага благачыння. Запомнілася навучэнцам сустрэча з пісьменнікам Сяргеем Чыгрыным са Слоніма, мясцовым краязнаўцам Валерыем Петрыкевічам, а таксама спявачкай Таццянай Грыневіч з Мінска.
Акрамя таго, дзеці ўдзельнічалі ў квэстах, конкурсах і віктарынах, спартыўных спаборніцтвах. Незабыўным для ўсіх было шоу мыльных бурбалак і купанне на гарадскім пляжы.
За падзеямі, якія адбываюцца ў летніку, можна было назіраць разам з бацькамі і сябрамі выхаванцаў у сацыяльных сетках у інтэрнэце ВКонтакте і Instagram, куды навучэнцы выкладвалі свае фотаздымкі пад хэштэгам #дятловогородмечты. Адным словам, сумаваць дзецям не было калі. А многія з іх яшчэ раз пераканаліся ці, магчыма, зрабілі для сябе адкрыццё, што наш горад Дзятлава – гэта не проста часцінка малой радзімы, Дзятлава – гэта горад мары.
Святлана САЛАЎЁВА,
настаўніца СШ № 3 горада Дзятлава