Вечарам 15 жніўня прыхаджане касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Дзятлаве адзначылі парафіяльнае свята.
Тут сабралася шмат вернікаў, ксяндзоў, каб ушанаваць Маці Божую Унебаўзятую – галоўную апякунку касцёла.
Распачалося яно з урачыстай працэсіі, якой міністранты, ксяндзы і дзеці ў суправаджэнні духавога аркестра прайшлі ад плябаніі да касцёла.
Прыхаджане з хлебам сустрэлі новага прысвечанага ксяндза Артура.
Напачатку ксёндз-пробашч Здзіслаў Пікула павітаў усіх прысутных. Ён адзначыў, што сёння ў Дзятлаўскай парафіі дажынкі, а таксама яшчэ адна нагода: першая Імша святая новага прысвечанага ксяндза Артура Ляшнеўскага.
Шчыра і ад усяго сэрца віншавалі ксяндза Артура дзеці і моладзь араторыя. Пажадалі нязменнай любові Езуса Хрыста, падтрымкі нябеснай Маці Марыі, апекі ў святарстве Святога Яна Боско.
Яны нагадалі, што сёння спаўняецца пяць гадоў святарскай працы ксяндза Здзіслава Пікулы на Дзятлаўшчыне. Падзякавалі яму за яго служэнне, самаахвярную працу, добразычлівасць, абвяшчэнне Божага слова. Пажадалі, каб яго сэрца заўсёды было напоўнена супакоем і любоўю.
Ад імя ўсіх парафіян адна з прыхаджанак павітала гасцей, якія прыехалі ў Дзятлава.
Пажадала радасці, моцнага здароўя, добразычлівасці ад людзей, нязгаснага запалу ў веры, сілы і трываласці ў душпастырскай паслузе.
Святары і вернікі ўсе разам памаліліся, выказалі падзяку Хрысту і Маці Божай.
Запаленая свечка, букет каляровых кветак, каласы збожжа з садавіной і агароднінай, сноп, хлеб – усё гэта стала дарамі, якія вернікі касцёла прынеслі для Ісуса Хрыста і Яго Найсвяцейшай Маці ў знак удзячнасці.
Напрыканцы службы вернікі касцёла асвяцілі кветкі, садавіну і агародніну. Завяршылася свята хрэсным ходам вакол касцёла.
Вольга ЮШКЕВІЧ