Працоўны семестр-2019 прадаўжаецца, і на Дзятлаўшчыне кіпіць уборачная кампанія.
У час жніва ў ААТ “Граніт-Агра” працуе самы вялікі ў нашым раёне сельскагаспадарчы студэнцкі атрад імя Героя Савецкага Саюза Фёдара Сінічкіна ў складзе 30 чалавек. Студатрадаўцы заступілі на працоўную вахту 22 ліпеня. Яны раздзелены па некалькіх аб’ектах гаспадаркі, дзе дапамагаюць аграрыям на ўборцы зерневых культур.
Як расказала загадчыца зернесклада ў Круцілавічах Вольга Нагорная, тут працуюць 12 чалавек, якія выходзяць на работу ў дзве змены. Студатрадаўцамі старэйшыя калегі задаволены, маўляў, да справы адносяцца сур’ёзна і старанна, з пастаўленымі задачамі спраўляюцца, выконваюць усе даведзеныя заданні. Абавязкаў у маладых работнікаў хапае: то зерне падшуфляваць, то падмесці і прыбраць тэрыторыю, кожная працоўная змена тут праходзіць у актыўным рэжыме. Аднак гэта някепска, лічыць Вольга Нагорная, бо так маладыя людзі змогуць адчуць цану заробленых грошай, набыць новыя ўменні, развіць свае лідарскія якасці. Папрацаваць у гаспадарцы лепш, чым бавіць час за камп’ютарам ці сумаваць дома. Тым больш, што сезонныя работнікі ў ААТ “Граніт-Агра” патрэбныя – сваімі сіламі аграрыям не справіцца са значным намалотам.
– Дома сапраўды сядзець сумна, – згаджаецца студатрадавец Дзмітрый Лабейка з вёскі Лапушна, які сёлета скончыў Круцілавіцкі дзіцячы сад-сярэднюю школу і ўжо атрымаў пасведчанне аб залічэнні ў Беларускі дзяржаўны аграрны тэхнічны ўніверсітэт. Юнак выбраў спецыяльнасць інжынера па ахове працы і яму цікава набірацца вопыту работы з людзьмі ўжо цяпер. У атрадзе Дзмітрый другі год запар, прызнаецца, што падабаецца, ды і час праходзіць весела, хоць работы бывае даволі шмат. Юнак упэўнены, што працоўнае лета можа прывучыць да дысцыпліны і даць карысны вопыт кожнаму ўдзельніку студатрадаўскага руху.
– Ды і фізічныя нагрузкі для арганізму карысней, чым маларухомы лад жыцця, – уключаецца ў размову сяброўка Дзмітрыя па атрадзе Анастасія Сташэўская. Насця з вёскі Варакомшчына, яна таксама выпускніца Круцілавіцкай школы. Расказвае, што сёлета падае дакументы ў Мінскі медыцынскі каледж на спецыяльнасць “фармацэўт” і вельмі спадзяецца быць залічанай. Зарабляць кішэнныя грошы самастойна ганарова для падрастаючага пакалення, мяркуе дзяўчына, хаця куды патраціць свой заробак, яна пакуль не вырашыла. Бонусам студатрадаўскага жыцця Анастасія лічыць працоўны вопыт і магчымасць кожны дзень сустракацца з сябрамі, быць у вясёлай камандзе аднадумцаў, якія “змагаюцца” за хлеб новага ўраджаю.
На зернескладзе ў Таркачах нас сустракае загадчыца Жанна Апанасік. Яна расказвае, што на шуфлёўцы зерня і ўборцы тэрыторый тут задзейнічаны 8 студатрадаўцаў. Рабяты таксама працуюць у дзве змены. Асноўная частка маладых работнікаў – гэта студэнты, хаця ёсць і выпускнікі школ. Магчымасцю папрацаваць падрастаючае пакаленне цікавіцца кожны год, ім у гаспадарцы не адмаўляюць, бо работнікі на зерняскладах у час уборкі патрэбныя.
Таццяна Худыкова, навучэнка Мінскага медыцынскага каледжа, расказвае, што запісваецца ў мясцовы студатрад трэці год запар. Упершыню ўладкавалася сюды пасля дзясятага класа. Тады яе прываблівала магчымасць займець уласны заробак, каб не прасіць грошай у бацькоў. Цяпер Таццяна атрымлівае стыпендыю, але для навучэнцаў грошы лішнімі не бываюць, тым больш прыемна, што зарабіць іх можна ў вясёлай кампаніі равеснікаў. Як будучы медык, дзяўчына ўпэўнена, што фізічная праца карысная для моладзі, хаця кожны выбірае сам, чым яму займацца летам на канікулах. А студатрадаўцы, якія прыйшлі дапамагчы аграрыям на жніве, уключыліся ў важную для нашай дзяржавы справу – робяць свой пасільны ўклад у харчовую бяспеку краіны.
Меркаванне Таццяны падтрымлівае жыхар горада Слоніма Уладзіслаў Клепас, які прыехаў у Таркачы да бабулі і, скарыстаўшыся парадай сяброў, запісаўся ў мясцовы студатрад. Уладзіслаў – навучэнец другога курса Слонімскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа сельскагаспадарчай вытворчасці. Пасля заканчэння вучобы ён атрымае спецыяльнасці слесара, зваршчыка, вадзіцеля. Юнак прызнаецца, што з задавальненнем пойдзе працаваць вадзіцелем у ААТ “Граніт-Агра”, калі яго сюды возьмуць. У атрадзе ён упершыню, работай задаволены, лічыць такі вопыт важным для самаразвіцця. Уладзіслаў упэўнены, што ў студатрадаўцаў дастаткова вольнага часу, каб паспець адпачыць за канікулы. Сам юнак прывык траціць яго з карысцю, у тым ліку на захапленне бодзібілдзінгам. Уладзіслаў раіць і іншым студэнтам і выпускнікам далучацца да працоўнага семестра, каб адкрыць для сябе новыя магчымасці.
Ірына СТЫРНІК