Прафілактыка правапарушэнняў – справа агульная

Важнае Грамадства Свежыя навіны

Не першы год займае пасаду старшыні Дварэцкага сельвыканкама Канстанцін Вінцукевіч і прыкладае шмат намаганняў для таго, каб усе набалелыя праблемы паспяхова вырашаліся. Ён расказаў аб рабоце па ахове правапарадку на тэрыторыі Дварэцкага сельсавета і праблемах, з якімі прыходзіцца сустракацца.

Асноўная функцыя старшыні сельвыканкама – работа з людзьмі, і ад стану гэтай работы ў многім залежыць  абстаноўка на тэрыторыі кожнага сельсавета. Папярэдзіць магчымыя правапарушэнні і няшчасныя выпадкі  няпроста, аднак калі пастаянна трымаць у полі зроку і кантраляваць  паводзіны грама­дзян з так званай групы рызыкі, то можна своечасова выявіць і прадухіліць негатыўныя моманты. Адной з важнейшых умоў эфектыўнай прафілактыкі з’яўляецца актыўны ўдзел у гэтай справе спецыялістаў раённых службаў, арганізацыі і ведамстваў.

– Якія праблемы  знаходзяцца на пастаянным кантролі сельвыканкама?

Гэта работа па прафілактыцы злачынстваў і правапарушэнняў, п’янства і алкагалізму сярод жыхароў сельсавета. Яе вынікі разглядаюцца і абмяркоўваюцца на пасяджэннях Савета грамадскага пункта аховы правапарадку: аналізуецца стан злачыннасці ў сельсавеце, абмяркоўваюцца дзеянні па прадухіленні пажараў і гібелі людзей ад іх, праводзіцца работа з сем’ямі, дзе дзеці знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, разглядаюцца персанальныя справы жыхароў сельсавета, якія вядуць асацыяльны лад жыцця.

–  Як часта праводзяцца пасяджэнні Савета грамадскага пункта аховы правапарадку і каго выклікаеце на размову?

Пасяджэнні на тэрыторыі Дварэцкага сельвыканкама праводзяцца ў апошнюю сераду кожнага месяца. На іх запрашаюцца грамадзяне, якія злоўжываюць алкаголем або ўчынілі супрацьпраўныя дзеянні, а таксама па інфармацыі аддзела ўнутраных спраў Дзятлаўскага райвыканкама, Дзятлаўскага раённага аддзела Следчага камітэта, Дзятлаўскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях або з мэтай прафілактыкі па інфармацыі жыхароў сельсавета і арганізацый. Акрамя запланаваных, праводзяцца пазачарговыя пасяджэнні Савета ГПАП у рамках акцый, накіраваных на прафілактыку злачынстваў, якія ўчыняюцца асобамі, што маюць судзімасць, і ў рамках рэспубліканскіх прафілактычных акцый. Праводзіцца праца з беспрацоўнымі грамадзянамі. Пад пастаянным наглядам грамадзяне, якія часова не працуюць і якія вызваліліся з месцаў пазбаўлення волі і стаяць на ўліку.

Аксана АНДАЛЮКЕВІЧ