Падарункі юным футбалістам Дзятлаўшчыны

Галоўнае Свежыя навіны Спорт і турызм

Часты госць Дзятлаўскага раёна – дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Валянцін Міхневіч сумесна з дырэктарам дэпартамента забеспячэння спартыўных мерапрыемстваў Асацыяцыі “Беларуская федэрацыя футбола” Іванам Гараўцом з мэтай падтрымкі  футбольнага аддзялення Дзятлаўскай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы пабывалі на спартыўных пляцоўках гарадскога стадыёна “Колас” у Дзятлаве, дзе сустрэліся з юнымі спартсменамі футбольнага аддзялення дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы, паназіралі за каманднымі трэніроўкамі і паказальнымі выступленнямі спартсменаў, пагутарылі з юнымі футбалістамі, кіраўнікамі мясцовай улады, а таксама раённымі спецыялістамі ў сферы спорту.

Развіццё футбола на Дзятлаўшчыне працягвае набіраць маштабныя абароты. Ужо з першых месяцаў бягучага года дзятлаўская зямля неаднаразова станавілася гасціннай пляцоўкай для сустрэч сярод аматараў футбольнага майстэрства. За гэты час гасцямі Дзятлаўшчыны сталі шматлікія каманды Гродзеншчыны і зборныя каманды з іншых рэгіёнаў нашай краіны.

У сённяшняй сустрэчы прынялі ўдзел намеснік старшыні райвыканкама Ігар Кухарэвіч, галоўны спецыяліст райвыканкама Дзмітрый Ёда, начальнік аддзела адукацыі Наталля Белаус, дырэктар дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы Святлана Лагута.

У час вітальнага слова Валянцін Міхневіч адзначыў важнасць і неабходнасць развіцця спорту ў нашай краіне, парадаваўся за тых падлеткаў, якія праводзяць свой вольны час актыўна, а, галоўнае, з карысцю для здароўя. Валянцін Уладзіміравіч адзначыў, што

футбол – гэта самы распаўсюджаны і  даступны від спорту, які дазваляе кожнаму жадаючаму праверыць свае спартыўныя здольнасці і пачаць развіваць іх. Валянцін Міхневіч  выказаў вялікія спадзяванні, што дзятлаўская зямля будзе поўніцца таленавітымі спартсменамі, імёны якіх у будучым прагучаць і на міжнародных спаборніцтвах.

У знак прызнання поспехаў і заслуг, якімі па праву можа ганарыцца Дзятлаўская дзіцяча-юнацкая спартыўная школа, для юных спартсменаў нашага раёна Валянцін Міхневіч і Іван Гаравец падарылі каштоўныя падарункі: мячы і камплекты спартыўнай формы, якія спатрэбяцца футбалістам у час трэніровак і  спаборніцтваў.

Таксама госці сустрэчы наведалі спартыўна-трэніровачныя залы аддзяленняў грэка-рымскай барацьбы і цяжкай атлетыкі Дзятлаўскай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы, трэнажорную залу, пазнаёміліся з матэрыяльна-тэхнічнай базай спартыўных аб’ектаў.

Кіраўніцтва раённага выканаўчага камітэта, раённага аддзела адукацыі, Дзятлаўскай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы выказваюць шчырую  падзяку Валянціну Міхневічу і Івану Гараўцу за шчырую ўвагу, пастаянную падтрымку,  хуткую і своечасовую дапамогу.

Аксана АНДАЛЮКЕВІЧ