Па другі бок агароджы

Важнае Грамадства Свежыя навіны

Незвычайная экскурсія была арганізавана для падлеткаў, якія наведваюць клуб “Кантакт”, што працуе на базе сацыяльна-педагагічнага цэнтра горада Дзятлава.

У суправаджэнні дырэктара ўстановы Алы Жэгалік і сацыяльнага педагога Ангеліны Лях непаўналетнія накіраваліся ў папраўчую калонію-пасяленне № 26, што знаходзіцца паблізу аграгарадка Гезгалы.

На наглядных прыкладах, а не з дапамогай “сухой тэорыі”, педагогі хацелі паказаць удзельнікам паездкі, да чаго могуць прывесці бяскрыўдныя на першы погляд дзіцячыя свавольствы, неабдуманыя ўчынкі і жаданне любым чынам выдзеліцца сярод равеснікаў.

Праехаўшы некалькі кіламетраў “бетонкі”, якая цягнецца ў глыб лесу, аўтобус спыніўся каля кантрольна-прапускнога пункта калоніі. Спачатку цяжка было ўявіць, што глухія вароты і агароджа аддзяляюць амаль дзве сотні зняволеных ад знешняга свету. Аднак патрабаванне дзяжурнага аб тым, што на КПП неабходна пакінуць мабільныя тэлефоны, даказала, што мы ступаем на тэрыторыю рэжымнага аб’екта.

Пабыць экскурсаводам для групы згадзіўся намеснік начальніка калоніі па рэжыме і аператыўнай рабоце Анатоль Астаф’еў. Перш, чым паказаць аб’екты, якія знаходзяцца на тэрыторыі папраўчай установы і расказаць пра мясцовыя правілы, Анатоль Анатольевіч звярнуў увагу прысутных на спецыфіку калоніі-пасялення. Галоўная яе функцыя – адаптацыйная: доўгія гады, а часам і дзесяцігоддзі, за кратамі накладаюць свой адбітак на асуджаных. Тут, ва ўмовах больш лёгкага рэжыму, яны прывыкаюць да рэалій жыцця на волі. У калоніі-пасяленні можна насіць звычайнае адзенне, мець пры сабе наяўныя грошы, хадзіць у магазін, атрымліваць неабмежаваную колькасць спатканняў, пасылак і перадач. Аднак, калі ў каго-небудзь няма родных і блізкіх, якія гатовы прыязджаць і аказваць пасільную дапамогу, зарабляць грошы на бытавыя дробязі і прадукты харчавання давядзецца выключна самастойна. Для арганізацыі занятасці ў калоніі функцыянуе прадпрыемства па дрэваапрацоўцы, работнікі самі нарыхтоўваюць драўніну на лясных дзялянках, распілоўваюць яе, б’юць з дошак паддоны, скрыні, іншую прадукцыю. Таксама частка асуджаных выязджае працаваць у некаторыя гаспадаркі і прадпрыемствы раёна.

У час экскурсіі падлеткам паказалі сталовую калоніі, мясцовы храм, жылыя карпусы, дом спатканняў, трэнажорную залу і нават штрафны ізалятар. Затым іх запрасілі ў актавую залу, дзе свае павучальныя жыццёвыя гісторыі расказалі некаторыя зняволеныя. Першым да ўдзельнікаў экскурсіі звярнуўся асуджаны, які правёў за кратамі 21 год. Гэта вялікі адрэзак жыцця, на працягу якога чалавек многае змог асэнсаваць і пераацаніць, аднак добрыя паводзіны пакуль яшчэ не прывялі яго на свабоду, адзінае, чаго змог дасягнуць зняволены – трапіць у калонію-пасяленне на больш мяккі рэжым. Свой аповед ён падрахункаваў заклікам: “Пачуйце мяне, каб ніколі не аказацца на маім месцы”.

Наступны апавядальнік зазначыў, што на крывую дарожку яго прывяло захапленне аўтамабілямі. Паколькі вадзіў машыны і разбіраўся ў іх мужчына больш за многіх іншых, ён не знайшоў нічога лепшага, як стаць угоншчыкам. За гэта быў асуджаны першы раз, другі раз надоўга трапіў за краты за забойства. Цяпер зняволенаму пяцьдзясят гадоў, жыццё амаль прайшло, а нічога свайго чалавек не займеў: ні маёмасці, ні дружнай сям’і.

Пра каштоўнасць свабоды і магчымасць выбару разважаў асуджаны, які знаходзіцца за кратамі ўжо дваццаць гадоў. За гэты час на волі ў яго дастойным чалавекам вырас сын. Цяпер адзінае, на што можа разлічваць бацька, калі выйдзе на свабоду, – парадавацца ўнукам. За час зняволення гэты чалавек шмат думаў і зрабіў для сябе галоўную выснову: час адматаць назад немагчыма, а жыццё адно. Маладым людзям неабходна прыслухоўвацца да чужых гісторый, каб не нарабіць сваіх фатальных памылак. У дзяцінстве, прызнаўся мужчына, яго таксама вазілі на экскурсію ў калонію, але тады ён не пачуў папярэджанняў, вырашыў, што падобнага з ім здарыцца не можа.

Два апошнія апавядальнікі былі значна маладзейшыя за папярэдніх. Гісторыі іх падобныя паміж сабой і даволі актуальныя для сучасных падлеткаў і моладзі. За краты асуджаныя трапілі за наркотыкі. Да гэтага яны актыўна займаліся спортам, любілі шумныя кампаніі, вырашылі рызыкнуць – і жыццё спынілася. Там, за высокай агароджай, іх равеснікі стварылі сем’і, нарадзілі дзяцей, робяць кар’еру. “Што б ні здарылася з вамі, цаніце тое, што маеце, – заклікалі зняволеныя, – толькі свабода дае чалавеку шанц на выбар і шчаслівае жыццё”.

Пабыўшы на тэрыторыі папраўчай установы, паразмаўляўшы з асуджанымі, якія адбываюць у калоніі апошнія гады свайго зняволення і рыхтуюцца вярнуцца ў соцыум, падлеткі атрымлівалі поўнае ўяўленне пра тое, што значыць пазбаўленне волі. Варта спадзявацца, што пасля такой паездкі многія з іх яшчэ доўга будуць успамінаць горкія аповеды людзей, якія трапілі за краты з-за парушэнняў закона, і перагледзяць сваё стаўленне да жыцця. Ва ўсякім разе, удзельнікі паездкі ў папраўчую калонію-пасяленне № 26 зрабілі для сябе выснову, што ім не хочацца апынуцца па той бок жалезных варотаў, дзе абмяжоўваюцца нават простыя чалавечыя жаданні, пануюць строгія правілы. Гэта і было галоўнай мэтай экскурсіі і прафілактычнай работы педагогаў сацыяльна-педагагічнага цэнтра горада Дзятлава са сваімі выхаванцамі.

Ірына КАЎКЕЛЬ



Теги: