Казлоўшчынская гарпасялковая бібліятэка працягвае ўдзел у раённым конкурсе на лепшую пастаноўку работы па папулярызацыі краязнаўчых дакументаў “Мой родны край, мая старонка”.
З гэтай нагоды бібліятэкары ладзілі выязную выставу–знаёмства “Край мой – гонар мой” у аддзяленні кругласутачнага знаходжання для інвалідаў і пажылых людзей. На выставе была прадастаўлена інфармацыя аб гісторыі пасёлка; папкі “Казлоўшчына – астравок маёй зямлі” з артыкуламі з перыядычных выданняў аб рабоце прадпрыемстваў і знакамітых людзях; “Творчасць нашых землякоў” з біяграфіямі і творамі мясцовых пісьменнікаў, буклеты пра іх; фотаздымкі ўстаноў і прадпрыемстваў мінулых гадоў.
Значную частку выставы займалі альбомы “Дзеці вайны”, “Верны сын Айчыны” (пра ганаровага жыхара пасёлка і ветэрана Вялікай Айчыннай вайны М. Г. Макуліка), “Яны змагаліся за Радзіму” (пра ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны), “Прайшла вайна праз дзяцінства” (пра малалетніх вязняў).
Вялікую цікавасць выклікалі факсімільныя выданні газет “Правда” і “Красная звезда” за 10 мая 1945 года.
Аксана ЛІШЫК,
бібліятэкар Казлоўшчынскай гарпасялковай бібліятэкі