“Хлебная” справа моладзі

Галоўнае Свежыя навіны Эканоміка і сельская гаспадарка

На Дзятлаўшчыне стала добрай традыцыяй, што аграрыям у час жніва дапамагаюць працоўныя сельскагаспадарчыя атрады.

Не стаў выключэннем і 2019 год. З 22 ліпеня ў КСУП “Дварэц-Агра” за справу ўзяліся 10 удзельнікаў студатрада імя Героя Савецкага Саюза Барыса Булата. Яны будуць працаваць тут на ўборцы зерневых і зернебабовых культур.

Які менавіта ўклад у “хлебную” справу гаспадаркі ўносіць моладзь, расказала аграном КСУП “Дварэц-Агра” Наталля Лагута. Наталля Васільеўна зазначыла, што маладыя работнікі – навучэнцы Дварэцкай і Новаяльнянскай сярэдніх школ. Восем з іх заняты на збожжасушыльным комплексе КЗСВ-30. Задача рабят – уборка прылеглай тэрыторыі і работа са збожжам: яго даводзіцца падмятаць, падсыпаць, падкідваць, таму працоўны інструмент студатрадаўцаў – венікі і рыдлёўкі. Маладымі памочнікамі тут задаволены, запрашаюць іх на жніво не першы год – і заўсёды станоўчы вынік. Хлопцы і дзяўчаты стараюцца, свае працоўныя змены вытрымліваюць годна. Магчыма, добрым стымулам для іх з’яўляецца заработная плата. Дарэчы, многія навучэнцы ўладкоўваюцца ў студатрад другі, а то і трэці год запар. Як, напрыклад, камандзір працоўнага атрада Алена Жукоўская.

– Гэта мой трэці працоўны семестр, – расказвае Алена, – сёлета ўпершыню ў якасці камандзіра. Я вучуся ў Гродзенскім медыцынскім каледжы на другім курсе, а ў час канікулаў па традыцыі вырашыла папрацаваць у гаспадарцы. Мне тут падабаецца, ды і рабяты згуртаваныя. Складанасць заданняў залежыць ад намалоту: чым больш машын са збожжам прыйдзе на сушку, тым большыя ў нас аб’ёмы работ. Аднак спраўляемся, ніхто не скардзіцца на стому. Увогуле, гэта выдатны вопыт для моладзі. Дзякуючы яму, я і сама стала больш паважаць працу, асабліва сельскагаспадарчую. На жаль, у наступным годзе ўжо скончу вучобу і буду накіравана працаваць па спецыяльнасці, таму трапіць у студатрад не атрымаецца. Давядзецца сумаваць па гэтых вясёлых днях, якія мацавалі наша сяброўства, вучылі ўзаемадапамозе, падарылі шмат прыемных момантаў.

Уражаннямі ад працоўнага лета падзяліліся і самі студатрадаўцы.

Ілья Маліка, навучэнец 11 класа Дварэцкай сярэдняй школы:

– Я другі год у атрадзе, тут цікава, бо мы шмат размаўляем з сябрамі. Прыемна ўносіць свой маленькі ўклад у агульную справу гаспадаркі. Лічу, што кожны чалавек павінен працаваць. Я і хатнія справы паспяваю зрабіць, і адпачыць. У вольны час люблю згуляць у футбол або пакатацца на веласіпедзе. Заробленых грошай мне хопіць на дробныя расходы, некаторую суму адкладу, бо мару набыць ноўтбук. Якую прафесію выбраць у дарослым жыцці, пакуль дакладна не вырашыў, але ўжо цвёрда ведаю, як дастаюцца людзям грошы. Калі будзе магчымасць, запішуся ў атрад і наступным летам. Лічу, што маладым людзям трэба самім зарабляць, а не патрабаваць фінансавай падтрымкі ў бацькоў.

Ксенія Лагута, навучэнка 11 класа Дварэцкай сярэдняй школы:

– Працую летам другі год запар. У атрадзе цікава і весела, мы з сябрамі ў любой працы знаходзім пазітыўныя моманты. Тут не складана, толькі вельмі пыльна. Вольнага часу хапае, яго трачу на дапамогу бацькам па гаспадарцы і сустрэчы з сябрамі. На што пойдзе заробак, яшчэ не вырашыла. Адназначна не на прадрыхтоўку да школы, бо ў мяне ўсё ёсць да новага навучальнага года. Патраціць апошнія школьныя канікулы на летнюю занятасць не шкада, затое не “сяджу” ў віртуальнай прасторы, адчула, як нялёгка зарабляюцца і як хутка трацяцца грошы – гэта някепскі вопыт для будучага студэнта. Іншым рабятам таксама раю запісвацца ў студатрады.

Аляксей Сачык, навучэнец 9 класа Новаяльнянскай сярэдняй школы:

– У атрадзе я ўпершыню. Запісацца сюды параіў бацька, аб чым я не шкадую. З рабятамі мы хутка пасябравалі, бо робім адну справу. Мяркую прыйсці працаваць сюды і ў наступным годзе. Заробак патрачу на дэталі і інструмент, бо захапляюся тэхнікай: “кручу” мапеды, матацыклы, веласіпеды. Збіраюся паступаць на аўтамеханіка, мару калі-небудзь адкрыць сваю майстэрню. У вольны ад работы час катаюся на веласіпедзе, гуляю, дапамагаю бацькам. Сваім равеснікам раю абавязкова запісвацца ў працоўныя атрады: тут можна атрымаць карысны вопыт і адчуць сябе больш дарослым.

Ірына СТЫРНІК



Теги: