Хто дапамагае аграрыям раёна?

Грамадства Свежыя навіны

З 18 чэрвеня ў КСУП “Хвінявічы” працуе студэнцкі сельскагаспадарчы атрад “Юнацтва” імя Героя Савецкага Саюза Пятра Гаўрылавіча Пятрова.

У атрадзе на палявых работах задзейнічаны 15 чалавек: 14 навучэнцаў і камандзір атрада Наталля Узун. Першыя старонкі сваёй працоўнай біяграфіі юныя дзятлаўчане запаўняюць на палетках гаспадаркі.

Мы заспелі студатрадаўцаў за відавой праполкай зерневых, дзе яны шчыруюць пад чулым кіраўніцтвам агранома-насеннявода КСУП “Хвінявічы” Ілоны Вянцкевіч.

Ілона Юзэфаўна пахваліла сваіх падшэфных і зазначыла, што за некалькі дзён, пакуль маладыя работнікі выходзяць у поле, яны паспелі прапалоць 45 гектараў азімай пшаніцы і яшчэ 40 гектараў азімага трыцікале. У планах на студатрадаўскую змену – справіцца з 85 гектарамі пшаніцы і 110 гектарамі трыцікале. Дапамога студатрада гаспадарцы дарэчы. Дарослыя нездарма разлічваюць на маладых работнікаў: студатрад працуе на базе КСУПа не першы год, супрацоўніцтвам з моладдзю тут задаволены.

Абавязкі камандзіра студатрада сёлета на сябе ўзяла Наталля Узун. Для яе гэта новы вопыт, паколькі працуе жанчына поварам у школьнай сталовай, а выйсці ў поле разам з навучэнцамі вырашыла ў час водпуску.

– Спачатку перажывала, ці спраўлюся, – дзеліцца Наталля Юр’еўна, – думала, будзе складана працаваць з дзецьмі ў спёку па некалькі гадзін на адкрытым паветры. Аказалася, яны зусім дарослыя, на стомленасць не скардзяцца, працоўныя заданні выконваюць старанна, пастаўленыя задачы разумеюць. Рабяты без лішніх словаў ведаюць, што на кантролі і аб’ём, і якасць выкананых работ. Мяркую, вопыт, атрыманы на палетках, абавязкова дапаможа ім у далейшым жыцці. Магчыма, хто-небудзь з сённяшніх студатрадаўцаў пазней паступіць на сельскагаспадарчую спецыяльнасць і вернецца ў гаспадарку.

Не першы год з задавальненнем запісваецца ў мясцовы працоўны сельскагаспадарчы атрад Раман Вашкевіч. Рома сёлета перайшоў у 11 клас Хвінявіцкага дзіцячага сада-сярэдняй школы і погляды на летнюю занятасць моладзі ў яго па-даросламу сур’ёзныя:

– У час канікулаў я ўжо каторы год працую ў студатрадзе. Гэта мой выбар, каб мець уласныя грошы і не звяртацца з просьбамі да бацькоў. Мінулагодні заробак пакуль не патраціў, дадам яго да сёлетняга і змагу з’ездзіць з бацькамі адпачыць ва Украіну. Сямейная паездка плануецца праз тры тыдні. Астатак лета пасля вандроўкі таксама збіраюся правесці за работай. Магчыма, мяне возьмуць на збожжаток. Да падобных жаданняў мае бацькі адносяцца толькі станоўча. Яны лічаць, што гэта добры жыццёвы вопыт. Я і сам упэўнены, што працаваць у полі з сябрамі лепш, чым ганяць мяч у спёку або сядзець цэлымі днямі за камп’ютарам. Сваіх равеснікаў заклікаю не траціць марна час на канікулах, а дапамагчы аграрыям.

Першым вопытам студатрадаўскай занятасці згадзілася падзяліцца сяброўка Рамана па навучальнай установе, дзевяцікласніца Алеся Шыпіла:

– Запісацца ў студатрад мне параіла матуля. Яна была брыгадзірам гаспадаркі і летась працавала са студатрадаўцамі. Не шкадую, што згадзілася на яе прапанову. Мне тут вельмі падабаецца. Мы шмат жартуем, расказваем цікавыя гісторыі, таму стомленасці амаль не адчуваем. Паўдня я праводжу з сябрамі за работай, другой паловай распараджаюся, як хачу. У вольны час найчасцей дапамагаю бацькам, адпачываю, хаджу гуляць. Заробленыя ў гаспадарцы грошы збіраюся патраціць на чахол для баяна або рамонт у сваім пакоі. Хто хоча навучыцца самастойнасці і цярпенню, зрабіць свой унёсак у агульную справу – прыходзьце ў студатрад, не пашкадуеце.

Ірына СТЫРНІК



Теги: