27 чэрвеня пярвічная прафсаюзная арганізацыя сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава арганізавала паездку для 14 чалавек на ІІ Еўрапейскія гульні. Уражаннямі падзялілася прафсаюзны лідар установы, удзельніца паездкі Наталля Якабчук:
– Мы пабылі на канале ў Заслаўі, дзе праходзілі спаборніцтвы па веславанні на байдарках і каноэ. Сказаць, што спадабалася, значыць нічога не сказаць: усе былі ўражаны высокім узроўнем мерапрыемства, атмасферай, якая панавала на канале, работай валанцёраў і, безумоўна, дасягненнямі беларускіх спартсменак.
Нашай групе пашчасціла з месцамі для гледачоў: сядзелі побач з сектарам, дзе знаходзіліся члены Урада, праўда, прэзідэнта не засталі, бо пайшлі, калі скончыўся заплыў. Як даведаліся пазней, Аляксандр Рыгоравіч прыходзіў падзякаваць спартсменам пасля спаборніцтваў і нават пабачыўся з балельшчыкамі.
Затое ў час заплыву, седзячы ў першых радах, мы выдатна бачылі канал, аніматараў, якія вялі праграму і падбадзёрвалі балельшчыкаў, змаглі сватаграфавацца з Лесікам і ад душы пахварэць за сваіх, трымаючы беларускі сцяг і выкрыкваючы словы падтрымкі. Нашу актыўнасць заўважыла тэлебачанне, і не раз камеры накіроўваліся ў наш сектар, тады мы бачылі сябе на вялікім экране, які вісеў насупраць фанзоны для гледачоў.
Нашы намаганні не былі дарэмнымі, магчыма, частка той энергіі, якую ўкладалі ў крыкі “Беларусь, наперад!” дайшла да спартсменак. Беларуска Вольга Худэнка заваявала золата ІІ Еўрагульняў па выніках заплыву. Эмоцыі зашкальвалі, трыбуны лікавалі.
Павагу выклікала і работа валанцёраў: гэта былі маладыя людзі, якія падказвалі гасцям Еўрагульняў дарогу. У кожнага з іх была вялікая пальчатка, яны здароваліся з прахожымі, усміхаліся ім, дарылі добры настрой.
Па дарозе ў Дзятлава мы дзяліліся ўражаннямі і прыйшлі да высновы, што нездарма набылі білеты. Хоць большасць з нашай кампаніі не з’яўляецца аматарамі спорту, аднак усе мы атрымалі такі пазітыў, такі зарад бадзёрасці, што, каб было магчыма паўтарыць той дзень, паўтарылі б абавязкова.
Ірына КАЎКЕЛЬ