Многія дзятлаўчане ўжо наведалі ІІ Еўрапейскія гульні і расказалі, што ім найбольш запомнілася і спадабалася.
Ядзвіга Міхайлаўна Гушча:
– Мне пашчасціла пабываць на ІІ Еўрапейскіх гульнях, эмоцыі проста перапаўняюць. Я пабыла на спаборніцтвах па мастацкай гімнастыцы, якія праходзілі на спартыўным комплексе “Мінск-арэна”. Адразу было відаць, што ўсе гледачы былі ў захапленні. Спартсмены такія прыгожыя, маладыя, грацыёзныя, запомніліся іх яркія касцюмы. Нам настолькі ўсе спадабаліся, што мы хваляваліся не толькі за сваіх спартсменаў, а ўвогуле перажывалі за ўсіх. Вядома, гонар быў за беларускіх гімнастаў, якія заваявалі залатыя і бронзавыя медалі.
Спаборніцтвы пачаліся ў 14 гадзін, а скончыліся амаль у 20 гадзін, але час праляцеў настолькі хутка, што нават не заўважылі, зусім не стаміліся. Калі глядзіш падобныя спаборніцтвы па тэлевізары, няма такіх эмоцый, як на стадыёне.
Вельмі змяніўся Мінск: стаў яшчэ больш прыгожы, увесь у кветках, паўсюль пануе цёплая, святочная атмасфера. На памяць аб ІІ Еўрапейскіх гульнях купілі сувеніры. Яшчэ доўга я буду ўспамінаць аб гэтай паездцы і дзяліцца сваімі ўражаннямі. Раю ўсім, хто мае магчымасць, наведаць гэтую грандыёзную для Беларусі спартыўную падзею, магу запэўніць, што ніколькі не пашкадуеце.
Святлана ГРЫШЫНА