У Наваельню завітала казка

Галоўнае Грамадства Свежыя навіны

1 чэрвеня, у Міжнародны дзень абароны дзяцей, работнікі Новаяльнянскага дома культуры і іх юныя сябры-артысты ладзілі святочнае мерапрыемства. Нягледзечы на тое, што арганізоўвалася яно для дзяцей, урачыстасць з задавальненнем наведалі дарослыя.

Пачалося свята з канцэртнай праграмы, вядучымі якой былі маленькія зорачкі – Аляксандра Якшук, лаўрэат першай ступені абласнога фестывалю “Масты надзей-2018”, і Арцём Разанаў, уладальнік дыплома першай ступені раённага конкурсу “Мелодыі кахання”.

Новаяльнянскія зорачкі бліснулі сваімі талентамі і на гэты раз. Аляксандра Якшук пранікнёна чытала вершы, Аліса Дзірвук праспявала цудоўную песню “Парасон”. Дарэчы, Аліса таксама ўладальніца дыплома трэцяй ступені раённага фестывалю “Мелодыі кахання”. Дынамічнымі, заваднымі танцамі гасцей свята радавалі танцавальныя калектывы “Калейдаскоп” і “Каласок”.

Песенныя падарункі для прысутных падрыхтавалі Карына Касіла і Анастасія Гузоўская.

Затым дзяцей чакала чароўнае падарожжа ў казку, якое арганізавалі работнікі Дома культуры Алена Майсюк, Святлана Гранкоўская і гукарэжысёр Аляксандр Саалятэ. А пачыналася яно так: нечакана на свята завітала Баба-Яга. Ёй вельмі цікава было даведацца, наколькі кемлівыя і спартыўныя хлопчыкі і дзяўчынкі сабраліся на пляцоўцы. Для гэтага Баба-Яга і яе сяброўка Кікімара прапанавалі юным удзельнікам свята шэраг іспытаў. Дзецям давялося паказаць свой артыстызм і фізічную загартоўку. Яны чыталі вершы, спявалі песні, адгадвалі загадкі і ўдзельнічалі ў казачнай эстафеце.

Эстафета складалася з некалькіх заданняў: прайсціся на дрэваступах, пабыць у ролі Змея-Гарыныча, вусеня, пчолкі. Юныя спартсмены ўдала справіліся з іспытамі і атрымалі ад казачных герояў цукеркі і падарункі. Напрыканцы Баба-Яга запрасіла малечу на батут і танцы пад адкрытым небам.

Ірына КАЎКЕЛЬ