«Сонейка» ззяла ў Жукоўшчыне

Культура і адпачынак Свежыя навіны

25 навучэнцаў Жукоўшчынскага дзіцячага сада-базавай школы змаглі адпачыць і аздаравіцца ў школьным летніку “Сонейка”.

Кожны наступны дзень быў не падобны на папярэдні і напоўнены новымі падзеямі і сустрэчамі з цікавымі людзьмі.

Што больш за ўсё спадабалася выхаванцам за час прыбыцця ў летніку? Адказалі наведвальнікі “Сонейка”:

– Нам вельмі спадабаліся заняткі спортам – гэта і спартыўныя гадзіны, і спаборніцтвы па футболу, шашачныя турніры, а таксама практычныя заняткі па правілах дарожнага руху і пажарнай бяспецы. Каманда з нашага летніка ўдзельнічала ў раённай спартакіядзе. Мы занялі першае месца ў спаборніцтвах па шашках і атрымалі грашовую прэмію.

А яшчэ мы правялі ў летніку Дзень памяці. Самі зрабілі гірлянду Славы і ўсклалі яе да помніка ў нашым аграгарадку.

Яркія ўспаміны засталіся ў нас пасля экскурсіі, арганізаванай у рамках акцыі “Беларусь помніць” у Брэсцкую крэпасць і Белавежскую пушчу. У Брэсце мы прайшліся ўздоўж будынкаў крэпасці, сцены якіх нагадваюць аб жорсткіх баях выбітымі цэгламі, адтулінамі, пабачылі плошчы баявой тэхнікі, сфатаграфаваліся каля помнікаў “Мужнасць”, “Смага”. З Брэсцкай крэпасці накіраваліся ў Белавежскую пушчу. Тут мы ўбачылі магутныя дрэвы, казачны жывёльны і раслінны свет.

На пытанне: “Ці прыйдзеце ў лагер на наступнае лета?” Усе дружна адказалі: “Так!”.

Ірына ЛІТВІН



Теги: