Штогод у першую нядзелю чэрвеня работнікі прадпрыемстваў меліярацыйных сістэм нашай краіны адзначаюць сваё прафесійнае свята. Дзякуючы іх справе ажыццяўляецца кардынальнае акультурванне і адраджэнне зямель.
Дагледжаныя роўныя палі – свайго роду візітная картка Дзятлаўскага раёна, гэта асабісты аўтограф на роднай зямлі, якая першай адгукаецца на па-гаспадарску арганізаваны догляд мясцовых меліяратараў, якія былі і застаюцца надзейнымі партнёрамі аграрыяў у вырашэнні пытанняў па павелічэнні сельскагаспадарчых угоддзяў і паляпшэнні ўрадлівасці глебы.
У нашым раёне меліярацыйнымі работамі займаецца Дзятлаўскае прадпрыемства меліярацыйных сістэм, на балансе якога каля двух тысяч кіламетраў меліярацыйных каналаў. За гады работы прадпрыемства агульная плошча ўведзеных у эксплуатацю зямель склала 15 тысяч гектараў па Дзятлаўскаму і звыш 15 тысях па Карэліцкаму раёнах.
Абслугоўванне меліярацыйных аб’ектаў раёна – гэта галоўны, але не адзіны напрамак дзейнасці прадпрыемства. Акрамя шырокага спектра работ і паслуг раённага значэння, Дятлаўскае ПМС уносіць свой важкі ўклад у добраўпарадкаванне тэрыторый і іншых раёнаў вобласці.
Напярэдадні прафесійнага свята з дырэктар раённага прадпрыемства меліярацыйных сістэм Віктар Адамчык падзяліўся, чым сёння жыве калектыў ПМС і як вырашае свае вытворчыя задачы.
– Меліяратары раёна пішуць сваю слаўную гісторыю на працягу ўжо доўгіх гадоў, а пачаткам работы прадпрыемства лічыцца 1972 год, – расказвае Віктар Уладзіміравіч. – За гэты час зроблена не мала. Асабліва буйныя праекты, у рабоце якіх прымалі ўдзел работнікі нашага прадпрыемства – гэта Аўгустоўскі канал, Гродзенская ГЭС і найбуйнейшы для нашай краіны гідраэнергетычны аб’ект – Астравецкая АЭС.
– Патлумачце, што такое меліярацыя і ў чым яе неабходнасць?
– Меліярацыя заклікана павышаць эфектыўнасць выкарыстання зямельных і водных рэсурсаў для атрымання добрага ўраджаю сельскагаспадарчых культур, паляпшаць якасць і ўласцівасць глебы.
Сёння мерыяцыйныя прадпрыемствы займаюцца тым, што аднаўляюць землі, якія былі выведзены з сельскагаспадарчага абароту пасля зносу сістэм, пабудаваных яшчэ ў савецкія часы. Дзейнасць нашага прадпрыемства, у першую чаргу накіравана не на будаўніцтва новых меліярацыйных сістэм, а на рэканструкцыю і эксплуатацыю ўжо існуючых.
Таксама мы займаемся добраўпарадкаваннем і акультурваннем тэрыторый сельсаветаў, дапамагаем сельгаспрадпрыемствам у правядзенні важных кампаній, цесна супрацоўнічаем з раённымі арганізацыямі і прадпрыемствамі. Акрамя гэтага, займаемся ачысткай каналаў, высечкай драўнінна-хмызняковай расліннасці, зборам камянёў, выконваем іншыя спецмерапрыемствы, неабходныя для падтрымання аптымальнага ўзроўню вады ў меліярацыйных каналах.
– Якія работы выконваеце цяпер?
– Мы вядзём інтэнсіўную работу адначасова на некалькіх аб’ектах як у Дзятлаўскім, так і ў суседніх раёнах. Асноўнымі і вельмі важнымі для нас лічу работы па добраўпарадкаванні тэрыторыі гарадскога парка ў горадзе Бярозаўка Лідскага раёна. Наша прадпрыемства ўдзельнічала ў правядзенні тэндара па аказанні паслуг і “выйграла”яго. Кошт праекта – 736 тысяч беларускіх рублёў, што складае 25 працэнтаў ад агульнага аб’ёму запланаваных на 2019 год работ. Увод у эксплуатацыю гэтага аб’екта запланаваны на пачатак чэрвеня. Не менш важны для нас пераходны аб’ект 2019-2020 года на тэрыторыі ААТ “Граніт-Агра”.
– Якія яшчэ аб’екты ў партфелі заказаў на 2019 год?
– Таксама работнікі нашага прадпрыемства задзейнічаны на рэканструкцыі меліярацыйных сістэм “Ошмар” у КСУП “Жукоўшчына” і “Чырвоная зорка” ў КСУП “Войневічы”, на рэканструкцыі меліярацыйных сістэм “Сервеч” у СВК “Свіцязянка” Карэліцкага раёна. Праводзяцца сезонныя работы па тэхнічным доглядзе тэрыторый Карэліцкага і Дзятлаўскага раёнаў, плануем абкасіць 100 працэнтаў мілірацыйнай сеці, а гэта больш за дзве тысячы кіламетраў рэчышчаў. Акрямя гэтага, наша прадпрыемства з’яўляецца генпадрадчыкам работ па вуліцы Фогеля. Восенню запланавана выканаць значны аб’ём работ на тэрыторыі Рагозніцкага крухмальнага завода і іншых аб’ектаў. У планах прадпрыемства працягваць работу па ўдзеле ў правядзенні агульнабудаўнічых тэндараў як на тэрыторыі вобласці, так і за яе межамі, актыўна вядзём пошук дадатковых аб’ёмаў работ.
– Віктар Уладзіміравіч, як вы ацэньваеце прафесіяналізм сваіх работнікаў?
– Кожны з іх вельмі адказны і адданы справе. Дружны і працавіты калектыў – гэта галоўная каштоўнасць нашай арганізацыі. У нас працуюць 110 чалавек, і пра кожнага можна сказаць шмат добрых слоў. Сярэдні ўзрост калектыву – 40-45 гадоў, у большасці сваёй гэта жыхары гарадскога пасёлка Казлоўшчына. Я прыхільнік таго, каб людзі, якія працуюць на нашым прадпрыемстве, затрымліваліся надоўга, а таму імкнуся ўвесь час падтрымліваць нашых работнікаў і парадай, і справай, і матэрыяльна. Вельмі рады бачыць у нашых радах і маладых спецыялістаў. Мы жывем і працуем адной вялікай сям’ёй. У сваю чаргу я, як кіраўнік, стараюся, каб у гэтай сям’і панавала атмасфера даверу і добразычлівасці.
– Большасць вашых работнікаў знаходзіцца ў пастаянных раз’ездах па аб’ектах, у тым ліку і ў іншых раёнах. Складана справіцца з такім рэжымам і рытмам работы?
– Асаблівасць нашай работы ў тым, што мы заўсёды ў руху. На жаль, аб’ём работ на Дзятлаўшчыне не дастаткова вялікі. Рабочы дзень у супрацоўнікаў нашага прадпрыемства пачынаецца з расветам, а дадому людзі вяртаюцца познім вечарам. Правесці вольны час з сям’ёй даводзііца толькі ў нядзелю. Жыць у пастаянных камандзіроўках вельмі складана, але многія жывуць у гэтым рытме ўжо доўгі час, і, неабходна адзначыць, бездакорна спраўляюцца з пастаўленымі задачамі, паказваюць лепшыя вынікі. Хачу выказаць словы вялікай падзякі ім за іх цярпенне.
– Якая тэхніка на службе ў спецыялістаў?
– Паспяхова вырашаць пастаўленыя задачы дазваляе добрая матэрыяльна-тэхнічная база – на балансе прадпрыемства каля 60 адзінак тэхнікі. Самае маштабнае абнаўленне машынна-трактарнага парку амаль на 95 працэнтаў адбылося на працягу 2010-2012 гадоў. Машынна-трактарны парк імкнёмся абнаўляць штогод. У прыватнасці, на ўмовах лізінгу ў 2017 годзе набыты экскаватар, у 2018 годзе парк папоўніўся новым бульдозерам. У планах – працягваць падобную практыку.
Справай гонару для сябе лічу выканаць сёлета пастаўленую задачу: набыць новы камфартабельны эканамічна выгадны аўтобус для падвозу людзей на аб’екты, якія знаходзяцца далёка за межамі раёна.
Дырэктар прадпрыемства Віктар Адамчык на пасадзе ўжо больш за дзесяць гадоў. З яго прыходам калектыў прадпрыемства адкрыў новую старонку ў сваёй біяграфіі і, працягваючы слаўныя традыцыі былых кіраўнікоў, упэўнена спраўляецца з новымі задачамі, якія дыктуе наш няпросты час.
– Віктар Уладзіміравіч, напярэдадні прафесійнага свята што вы пажадалі б людзям, з якімі даводзіцца працаваць?
– Калектыў прадпрыемства меліярацыйных сістэм Дзятлаўскага раёна займае лідзіруючыя пазіцыі ў вобласці і на прафесійным узроўні ўносіць свой, прычым значны, уклад у агульную вялікую працу па павышэнні ўрадлівасці глебы і навядзенні парадку на зямлі. Напярэдадні прафесійнага свята шчыра віншую ўвесь працоўны калектыў прадпрыемства, жадаю работнікам нашай галіны цярпення, здароўя, дабрабыту і заваявання новых вытворчых рубяжоў.
Напярэдадні свята хочацца ўспомніць і нашых ветэранаў і былых кіраўнікоў нашага прадпрыемства, якія ў свой час задалі дынамічны тэмп і рытм рабоце і доўгія гады былі верныя прадпрыемству. Віншую іх з надыходзячым святам, жадаю самага галоўнага – моцнага здароўя, цяпла, міру, шчасця і дабрабыту. Няхай жыццё дорыць толькі прыемныя сюрпрызы вам і вашым блізкім.
Аксана АНДАЛЮКЕВІЧ