Марыя Глебава: “Я звычайная, толькі лёс няпросты”

Галоўнае Грамадства Свежыя навіны

Дзятлаўшчына рыхтуецца да святкавання 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Напярэдадні значнай падзеі юбілейныя медалі “75 гадоў вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў” будуць уручаны ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, якія жывуць у Дзятлаўскім раёне.

Першай гэты медаль атрымала Марыя Глебава. З віншаваннямі да яе ў Таркачы завіталі старшыня раённага выканаўчага камітэта Аляксандр Дубовік, ваенны камісар Дзятлаўскага раёна Генадзь Суравец.

Віншаванні, кветкі, падарункі ветэрану Марыі Глебавай таксама адрасавалі старшыня Данілавіцкага сельвыканкама Ганна Жых, намеснік старшыні па ідэалагічнай рабоце ААТ “Граніт-Агра” Кацярына Дубешка, старшыня раённага Савета ветэранаў Міхаіл Губар і сакратар арганізацыі Ядзвіга Гушча, вучні і адміністрацыя мясцовай школы, работнікі культуры.

Жанчыне ўжо 95 гадоў, таму яна ведае жыццё і з чорнымі, і з белымі палосамі. З Беларуссю Марыю Пятроўну звязвае найперш ваеннае ліхалецце. На Магілёўшчыне загінуў бацька, доўгі час сям’я не ведала пра яго лёс. А ўжо значна пазней знайшлі пасёлак Янева, дзе ён пахаваны. У Беларусі ваяваў старэйшы брат, тут жа жылі і жывуць сваякі. Да іх пераехала Марыя Пятроўна, калі ў Расіі не засталося блізкіх.

Дзятлаўшчына расіянцы падабаецца: добрыя людзі, прыгожая прырода.

У Беларусі шмат кветак, гэта радуе, – кажа жанчына. І з радзімай Марыя Пятроўна не парывае сувязі.

У Мурманску, дзе раней жыла, ёсць яшчэ сяброўкі, якія таксама прайшлі вайну:

– Мне тэлефануюць з радзімы, узгадваюць, які я чалавек. А я звычайная, толькі лёс няпросты.

Юлія БАКУНОВІЧ

 



Теги: