Колькі крокаў да дарослага жыцця? Выпускны баль прайшоў у райцэнтры

Галоўнае Грамадства Свежыя навіны

У  райцэнтры на плошчы 17 Верасня адбыўся выпускны баль –  сапраўднае свята для моладзі, якая развітваецца са школай

Хутка гэтыя актыўныя і пакуль яшчэ бесклапотныя юнакі і дзяўчаты забудуць пра дзяцінства і зробяць новы крок да дарослага жыцця.

З віншаваннямі да выпускнікоў 2019 года звярнуўся старшыня Дзятлаўскага райвыканкама Аляксандр Дубовік.

Ён выказаў надзею на тое, што свае жыццёвыя перспектывы выпускнікі звяжуць з роднай Дзятлаўшчынай, дзе ўсё для іх знаёма, дзе ў іх вераць і іх чакаюць.

Духоўны наказ і благаславенне на добры шлях выпускнікі атрымалі ад благачыннага цэркваў Дзятлаўскай акругі протаіерэя Іаана Кісяля.

У гэтым годзе залаты фонд Дзятлаўшчыны папоўнілі 14 медалістаў. Ва ўрачыстай абстаноўцы прайшло ўзнагароджанне маладых талентаў, чый розум і здольнасці  неаднаразова прыносілі славу нашаму гораду і раёну. Таксама падзякі атрымалі бацькі і настаўнікі выпускнікоў.

Выбраць правільны шлях і ісці па ім годна выпускнікам жадалі іх педагогі, бацькі і сябры. Выпускнікі ў адказ паабяцалі стаць добрымі і сумленнымі людзьмі.

Завяршылася раённая падзея выпускным вальсам. Гэта было развітанне з дзяцінствам, з самым непасрэдным адрэзкам жыцця.

Яны ўжо не школьнікі, але яшчэ не студэнты. Колькі ж засталося крокаў да даросласці? Наперадзе выпускнікоў чакае першае дарослае выпрабаванне – паступленне ў навучальныя ўстановы, і за свой выбар прафесіі яны нясуць сур’ёзную адказнасць.

Юлія БАКУНОВІЧ