Са студзеня 2020 года ў нашай краіне пачала функцыянаваць новая сістэма аплаты працы работнікаў бюджэтных арганізацый.
Змены закранулі пераважна работнікаў медыцыны, адукацыі, культуры, сацыяльнага абслугоўвання.
У бюджэтным сектары Дзятлаўшчыны працуе каля 2,5 тысячы жыхароў раёна, або кожны чацвёрты, заняты ў эканоміцы. Што мяняецца ў парадку аплаты працы гэтай катэгорыі работнікаў, расказала начальнік упраўлення па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне райвыканкама Алена Васкель.
– Алена Раманаўна, якія мінусы былі ў ранейшай сістэмы аплаты працы работнікаў бюджэтнай сферы?
– Перш за ўсё, мінусам ранейшай сістэмы з’яўлялася тое, што кіраўнікі бюджэтных арганізацый былі абмежаваны ў магчымасці дыферэнцыяцыі аплаты працы канкрэтных работнікаў. Мераў, што прымаліся для паляпшэння становішча, стала недастаткова, таму неабходна было комплексна перагледзець сістэму аплаты. Вынікам работы стаў Указ Прэзідэнта ад 18 студзеня 2019 года № 27 “Аб аплаце працы работнікаў бюджэтных арганізацый”.
– Якія асноўныя змены адбыліся адпаведна Указу?
– Змены закранулі тарыфную сетку: колькасць тарыфных разрадаў скарочана з 27 да 18, паміж імі ўзрасла дыферэнцыяцыя. Цяпер пры павышэнні работніку тарыфнага разраду аклад будзе раўнамерна павялічаны на 6 %. Пры старой сістэме розніца паміж разрадамі складала каля 1 %.
Новая сістэма аплаты прадугледжвае ў якасці асновы для падліку акладаў работнікаў бюджэтных арганізацый базавую стаўку замест ранейшай тарыфнай стаўкі першага разраду. З 1 студзеня 2020 года яна складае 185 рублёў. Памер базавай стаўкі будзе пераглядацца штогод з улікам прагнозу развіцця эканомікі нашай краіны на чарговы год.
– Як цяпер робіцца разлік заработнай платы?
– Заработная плата бюджэтных работнікаў цяпер уключае: аклад; стымулюючыя і кампенсуючыя выплаты (а менавіта надбаўкі і даплаты, прадугледжаныя заканадаўчымі актамі і пастановамі ўрада нашай краіны); прэмію. Таксама новай сістэмай прадугледжаны аднаразовая выплата на аздараўленне пры працоўным водпуску у памеры 0,5 аклада і аказанне матэрыяльнай дапамогі ў сувязі з неспадзяванымі матэрыяльнымі цяжкасцямі.
Канкрэтныя памеры, парадак і ўмовы выплаты прэміі і матэрыяльнай дапамогі будуць вызначацца палажэннямі, зацверджанымі кіраўнікамі бюджэтных арганізацый.
– Ці не будуць парушаны пры ўвядзенні новай сістэмы аплаты працы правы якой-небудзь катэгорыі работнікаў, напрыклад, у залежнасці ад атрыманай адукацыі?
– Папярэдняй сістэмай аплаты працы заработная плата работніка фактычна вызначалася ў залежнасці ад яго адукацыі, а не ад пасады. Напрыклад, у выхавальнікаў дзіцячага сада, настаўнікаў, якія маюць сярэднюю спецыяльную адукацыю, тарыфікацыя і, адпаведна, заработная плата былі ніжэйшымі, чым у работнікаў з вышэйшай адукацыяй, якія займаюць аналагічныя пасады. Пры новай сістэме аплаты працы ў спецыялістаў з рознай адукацыяй, якія выконваюць аднолькавыя функцыі, заработная плата павінна быць суадноснай.
– Якія яшчэ перавагі ў новай сістэмы аплаты працы бюджэтнікаў?
– Яна пашырае паўнамоцтвы наймальніка на дадатковае стымуляванне і прэміяаванне работнікаў. У кіраўнікоў дзяржаўных органаў і бюджэтных арганізацый паводле Указа № 27 з’явілася права ўстанаўліваць надбаўкі і даплаты з улікам галіновай спецыфікі і канкрэтных вынікаў працы работнікаў. Акрамя таго, у новых умовах у наймальнікаў з’явіцца больш свабоды ў межах сваіх паўнамоцтваў уплываць на рост зарплаты працоўных. Каб выключыць суб’ектыўны падыход, правільным будзе ўдзел прафсаюзных камітэтаў арганізацый у размеркаванні стымулюючых і кампенсуючых выплат.
– Якая асноўная задача стаіць перад кіраўнікамі арганізацый пры ўвядзенні новай сістэмы аплаты працы, ці дапушчальна зніжэнне памеру зарплат?
– Галоўнае сёння не дапусціць зніжэння памеру налічанай заработнай платы работнікаў на момант пераходу на новыя ўмовы аплаты працы. Выкананне гэтай задачы кіраўнікамі бюджэтных арганізацый прадугледжана палажэннямі пункта 12 Указа № 27. Таксама перад кіраўнікамі пастаўлена задача растлумачыць работнікам кожны пункт, кожнае палажэнне дакумента. Варта звяртаць увагу, што параўнанне ўзроўню заработнай платы ў новых умовах з тым, што работнікі атрымлівалі раней, праводзіцца без уліку прэміяльных выплат за кошт эканоміі па фондзе аплаты працы, пазабюджэтнай прэміі, а таксама матэрыяльнай дапамогі.
– Што прадугледжвае новая сістэма для работнікаў бюджэтнай сферы, у якіх узровень аплаты ніжэйшы за “мінімалку”?
– Сярод актуальных пытанняў пры пераходзе на новую сістэму – забеспячэнне ўзроўню аплаты працы нізкааплатных катэгорый работнікаў не ніжэй за мінімальную заработную плату. З 1 студзеня 2020 года яе памер вызначаны пастановай урада ў суме 375 рублёў. Раней для гэтых мэтаў выкарыстоўваліся даплаты да “мінімалкі”. У новых умовах працы такія выплаты заканадаўствам не прадугледжаны. Для давядзення аплаты працы з 1 студзеня 2020 года да ўзроўню мінімальнай заработнай платы кіраўнікі бюджэтных арганізацый будуць выкарыстоўваць стымулюючыя і кампенсуючыя выплаты з агульнага планавага фонду аплаты працы арганізацыі.
– Што рабіць працаўніку, які сумняваецца ў правільнасці налічэння яму заработнай платы?
– У першую чаргу, варта звярнуцца да кіраўніка арганізацыі для вырашэння спрэчных пытанняў. Акрамя таго, работнікі могуць патэлефанаваць на гарачыя лініі ва ўпраўленне па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне Дзятлаўскага райвыканкама па тэлефоне 2-14-91 або ў Дзятлаўскае раённае аб’яднанне прафсаюзаў па тэлефоне 6-02-54.
Ірына КАЎКЕЛЬ
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup