Гульня кантрастаў Казлоўшчынскай бальніцы

Важнае Свежыя навіны Хто крылы расправіў на роднай зямлі

У 2008 годзе адкрыўся новы будынак Казлоўшчынскай гарадской бальніцы. Сюды пераехалі і стацыянар, і паліклініка. Ахова здароўя Казлоўшчыны сёння ахоплівае 48 вёсак, а ў бальніцы працуюць 53 чалавекі, з іх – 5 дактароў і 12 – сярэдні персанал.

У бальніцы аказваюць тэрапеўтычную, педыятрычную, стаматалагічную дапамогу, ёсць таксама рэнтген-кабінет.

Цяпер у Казлоўшчынскай гарадской бальніцы працуе дастатковая колькасць маладога персаналу. Дактары і медсёстры прыехалі сюды па размеркаванні, але, як высветлілася, “чужымі” не былі першапачаткова: нарадзіліся на Дзятлаўшчыне, сюды ж і вярнуліся працаваць пасля вучобы.

Медсястра ў Казлоўшчынскім дзіцячым садзе Анастасія Асафава, напрыклад, з Вензаўца, а па размеркаванні працуе ўжо амаль два гады. Дзяўчына хацела паступіць на выхавальніка, а атрымалася так, што дагнала двух зайцаў: і ў медыцыне разбіраецца, і з дзецьмі ладзіць навучылася.

Я праніклася медыцынай, але ў дзіцячым садзе спектр дзейнасці невялікі: хтосьці каленку разбіў, у кагосьці жывоцік баліць. Ёсць свае абмежаванні, з-за якіх спачатку нават хвалявалася. Напрыклад, не магу даваць таблеткі без ведама бацькоў выхаванцаў, – дзеліцца ўражаннямі аб рабоце Анастасія. – Не хочацца забываць тое, чаму вучылася ў медкаледжы, а для гэтага патрэбен вопыт.

Нечаканым і новым стала для Анастасіі тое, што ў дзіцячым садзе яна павінна выконваць важную ролю ў складанні меню, па якім работнікі кухні рыхтуюць дзецям харчаванне. Гэта не праходзілі ў медкаледжы, таму маладая медсястра сутыкнулася з цяжкасцю, але хутка з ёй справілася.

Магу сказаць, што на першым месцы працы я навучылася самастойнасці і цярпенню, спакой – самае важнае ў адносінах з калегамі і пацыентамі. А яшчэ да таго, як трапіла на працу ў дзіцячы сад, трохі пабойвалася дзяцей і не ведала, як да іх падступіцца. Гэта быў лёгкі стрэс, затое цяпер умею і супакоіць дзіця, і ўгаварыць нешта зрабіць, калі яно не хоча.

Асвоіла сваю працу доктара агульнай практыкі і Таццяна Туровіч з вёскі Дзянісава. Пасля заканчэння адпрацоўкі яна засталася працаваць у Казлоўшчынскай бальніцы і вось ужо трэці год лечыць мясцовых жыхароў:

Мне падабаецца працаваць тут, прывыкла да вяскоўцаў і ўжо ведаю хваробы, можна сказаць, кожнага. Таму працаваць лёгка, хоць спачатку былі цяжкасці, паколькі людзі незнаёмыя, у кожнага свой характар.

(Таццяна Туровіч справа)

У бліжэйшай будучыні Таццяна плануе працягваць працаваць на сваім участку. “Дзе нарадзіўся, там і спатрэбіўся” – сёння гэта яе прынцып, а што будзе далей – пакажа жыццё.

Разам з Таццянай Туровіч на прыёме працуе медсястра Марына Патапава, таксама малады спецыяліст, якая пераехала ў Казлоўшчыну з родных Лявонавічаў.

Я рада таму, што вярнулася працаваць у свой раён, і планаў з’язджаць пакуль няма. У сезон адпачынкаў часам даводзіцца “разрывацца” на некалькі кабінетаў, але гэта нармальна, мы спраўляемся.

Лёс стаматолага Вольгу Савельеву таксама вярнуў у родны раён. Малады доктар была маральна на гэта настроена, яшчэ праходзячы інтэрнатуру ў Гродне.

У час інтэрнатуры я працавала ў асноўным на дзіцячым прыёме, а тут магу лячыць людзей рознага ўзросту. Мне падабаецца такая разнастайнасць, – дзеліцца Вольга. – У нашай бальніцы вельмі добрае абсталяванне і якасныя матэрыялы для працы, нават лепш, чым у мяне было ў Гродне.

З цяжкасцямі ў рабоце малады спецыяліст яшчэ не паспела сутыкнуцца. Адзінае, што часам можа пужаць – гэта некантактныя маленькія пацыенты, якіх неабходна ўгаворваць на лячэнне. Затое, калі атрымліваецца пасадзіць дзіця ў стаматалагічнае крэсла, прыемна развейваць міф, што стаматолаг – гэта вораг. Да ўсяго іншага, Вольга Савельева ўдзельнічае ў грамадскім жыцці раёна, у спартыўных мерапрыемствах, уваходзіць у склад жаночай каманды па валейболе.

Маладыя медыкі Казлоўшчынскай гарадской бальніцы запэўніваюць, што з’язджаць пакуль не плануюць, бо ўмовы, у якіх яны працуюць, можна ацаніць высока. Дзякуючы добрым парадам, урокам больш вопытных калег і ўсласным імкненням прафесійнага росту, кожны малады медык можа стаць сапраўдным спецыялістам-практыкам.

Рана рабіць прагнозы, але не выключана, што сённяшняя моладзь, якая працуе ў медыцынскай установе Казлоўшчыны, праз шмат гадоў будзе праводзіць экскурс у прафесію медыка новым кадрам, назапасіць успаміны  пра першае працоўнае месца і правядзе паралель паміж сваім часам і часам малодшых калег.

Цяпер гэта робяць ветэраны працы, былыя работнікі Казлоўшчынскай бальніцы, якія выпрабавалі шмат цяжкасцяў у час сваёй работы. Іншы час і іншыя абставіны не давалі нават магчымасці падумаць пра нешта лепшае, таму што тады работнікі бальніцы лічылі, што лепш і быць не можа. Ім ёсць што ўспомніць, і гэтыя ўспаміны дазваляюць зрабіць пэўныя высновы тым, хто можа цяпер скардзіцца на цяжкасці ў працы.

Саліна Шапель, напрыклад, працавала ў Казлоўшчынскай бальніцы акушэркай. Прыехала ў Казлоўшчыну ў 1960 годзе, тады яшчэ будынкам бальніцы быў стары маёнтак, а паліклініка ўтварылася замест панскай стайні. Бальніца была на 75 ложкаў, паступова пашыралася.

Тады ў нас у бальніцы рабілі аперацыі нават на сэрцы, а шпрыцы стэрылізавалі на пліце, якая тапілася дровамі, – успамінае акушэрка. – Прыкладна ў той час, калі я прыехала, адкрылі радзільню, там было вельмі прыгожае радзільнае аддзяленне. Уся Казлоўшчынская бальніца ацяплялася брыкетам, ад гэтага пастаянна быў пах. Але пажылыя людзі ўсё роўна клаліся на лячэнне або абследаванне, нават з задавальненнем, таму што для іх гэта была магчымасць адпачыць.

У 15-градусны мароз Саліна Шапель на працягу чатырох гадоў па чатыры разы на тыдзень ездзіла ў Малую Волю на веласіпедзе. Выбару не было, чакалі людзі. Дваццаць два кіламетры ў адзін бок, столькі ж – у другі.

Як расказваюць былыя работнікі бальніцы, ваду насілі з калодзежа санітаркі ў час ціхай гадзіны, праточнай вады не было. Але спраўляліся, бо пацыентам патрэбна была дапамога.

На пенсію Саліна Шапель пайшла ў 1991 годзе і ў абноўленай бальніцы папрацавць не паспела, але цяпер ацэньвае медабслугоўванне як пацыент і незнарок усё роўна вяртаецца на пару дзясяткаў гадоў таму:

Як усё змянілася за столькі гадоў. Нядаўна ляжала ў бальніцы ў Дзятлаве – усюды акуратна, чыста, арганізавана харчаванне, сястра ўсё раздае, кожны садзіцца за свой стол, даюцца сталовыя прыборы. А раней такога не было, заўсёды трэба было мець свой посуд.

У пасляваенныя гады не хапала харчавання, трымалі свіней, кароў, санітаркі пасвілі іх па чарзе. Самі ўбіралі збожжавыя, капалі бульбу. І дысцыпліна была жорсткая: паспрабуй не пайсці ў поле. Цяпер у бальніцы, як у санаторыі, — адзначае Антаніна Дзегель, якая працавала ў Казлоўшчынскай бальніцы з 1959 года і была старшай медсястрой. – Мы ўсё выконвалі, нават калі нешта не падабалася. Вязеш, напрыклад, пацыента на аперацыю, і калі раптам робіш гэта няправільна – вяртаешся назад і вязеш так, як трэба, каб не трымаць заўвагу адміністрацыі.

Былыя работнікі ўспамінаюць, як замярзалі растворы ў час маразоў, як калолі дзяцей. Іголкі – што цвікі, яшчэ і тупыя, страшна было маленькаму чалавечку імі нашкодзіць.

Потым гэтыя іголкі кіпяцілі самі для наступнага выкарыстання. А цяпер аднаразовыя шпрыцы, катэтары – вельмі зручна, — кажа Антаніна Дзегель. – А колькі было пылу і бруду, цяпер жа ў бальніцах усё стэрыльна.

З 1971 года стала працаваль у Казлоўшчынскай бальніцы Вера Макарчык, якая ведае работу і акушэраў, і працэдурных медсёстраў, і тых, хто працуе ў аддзяленні:

Калі я прыехала ў Казлоўшчыну, тут было і радзільнае аддзяленне, і дзіцячае, і тэрапеўтычнае, і хірургічнае. Радавала, што было шмат лекаў і ўсяго хапала. За год у Казлоўшчыне нараджалася 170-190 дзяцей. Дарэчы, шмат дзяцей звычайна ляжала ў дзіцячым аддзяленні. Здаралася і так, што прывозілі маленькіх пацыентаў з Дятлаўскай бальніцы, калі там быў каранцін.

Медыкі шчыра перажывалі за кожнае дзіця, але больш за ўсё сэрцы балелі за падкідышаў, якіх таксама было нямала.

Патранажная медсястра Соф’я Матылевіч падзялілася, як ёй даводзілася ездзіць у суседнія вёскі на веласіпедзе, а зімой, бывала, і на лыжах. Трэба было паспець праверыць здароўе больш як 35 дзяцей, патранаж ажыццяўляўся кожны дзень.

Як узгадваюць былая медсястра фізкабінета Аліна Грышук і медсястра тэрапеўтычнага аддзялення Лідзія Палуносік, работнікі Казлоўшчынскай бальніцы вялі актыўнае жыццё: арганізоўвалі мастацкую самадзейнасць, нават ездзілі выступаць па Беларусі. Ветэраны галіны ўсё ўспамінаюць з усмешкай і перакананыя, што цяпер медыкам працаваць на шмат лягчэй і камфортней, у Казлоўшчынскай бальніцы створаны ўсе ўмовы і для персаналу, і для пацыентаў.

Кожны з былых работнікаў бальніцы рады, што стаяў каля вытокаў развіцця медыцынскай установы, што з гонарам і годнасцю прайшоў свой шлях і сыграў важную ролю не ў адным чалавечым жыцці. Яны ведаюць іншую эпоху, яны стваралі гісторыю, яны заставаліся верныя сваёй прафесіі нават у галодныя і халодныя часы. Некаторыя былыя медыкі Казлоўшчынскай бальніцы – равеснікі Гродзенскай вобласці: доктар-педыятр Яўгенія Казлоўская, медсястра дзіцячай кансультацыі Станіслава Міклаш і фельчар хуткай дапамогі Антон Ляўкевіч сёлета адзначаюць свае 75 гадоў. Кожнаму з ветэранаў галіны маладое пакаленне ўдзячна за працу і адказнасць.

Юлія БАКУНОВІЧ

 

 



Теги: