Даследуй. Захоўвай. Прапагандуй

Важнае Грамадства Свежыя навіны

Пад такім дэвізам праходзіла змена ў 9-дзённым летніку кругласутачнага знаходжання краязнаўчага профілю “Юныя археолагі” гімназіі № 1 горада Дзятлава.

Другі год запар навучэнцы ўстановы, якія захапляюцца гісторыяй роднага краю, маюць магчымасць цікава і з карысцю адпачыць тут, атрымаць новыя веды і ўменні ў час практычнай дзейнасці і ў аб’яднаннях па інтарэсах “Юны археолаг”, “Музеязнаўства”. На гэты раз педагогі гімназіі распрацавалі для сваіх вучняў праект пад назвай “Тэрыторыя прыгодаў, або Лета на квэст-стылі”, пабудаваны ў форме сюжэтна-ролевай гульні. Як расказала дырэктар летніка, настаўніца гісторыі і грамадазнаўства Алена Радомская, праект быў прысвечаны Году малой радзімы і ўключаў у сябе сем узаемазвязаных тэматычных квэстаў у форме падарожжаў па тэрыторыі прыгодаў. Задачай гімназістаў стала сабраць страчаныя сакрэты, якія, згодна з легендай, бераглі Ахоўнікі тэрыторыі прыгодаў.

Збіраючы гістарычныя факты і папаўняючы свае веды, рабяты таксама прайшлі археалагічную практыку. Яна ажыццяўлялася на тэрыторыі гімназіі пад кіраўніцтвам навуковага супрацоўніка Інстытута гісторыі Акадэміі навук Рэспублікі Беларусь Станіслава Юрэцкага. Як зазначыў сам гісторык, месца для пошуку артэфактаў вызначылі па старой карце нашага горада, датуемай ХІХ стагоддзем. Згодна з данымі, раней у раёне сучаснай вуліцы Леніна знаходзілася вуліца Касцёльная. У двары гімназіі захаваліся астаткі падмуркаў тагачасных пабудоваў. Пасля атрымання неабходных дазволаў тут і было вырашана закласці пробны шурф два на два метры. Удача спрыяла юным археолагам: знаходкі пачалі трапляцца на невялікай глыбіні. Большасць з іх – гэта рознакаляровыя рэшткі пячнога кафелю, керамікі, жалезныя цвікі, кавалачкі шкла. Станіслаў Юрэцкі зрабіў першапачатковае заключэнне, што знойдзенае можна аднесці да бытавых рэчаў жыхароў мястэчка першай паловы ХVIII – пачатку ХХ стагоддзяў. Плануецца, што гэтыя артэфакты застануцца ў Дзятлаве і папоўняць экспазіцыю гімназічнага музея.

Другой задачай гімназістаў стала правядзенне археалагічнай разведкі каля ракі Моўчадзь у раёне вёскі Нясілавічы. Экспедыцыю ўзначаліў намеснік дырэктара па навуковай рабоце інстытута гісторыі Акадэміі навук Рэспублікі Беларусь Вадзім Лакіза. Тут удалося адшукаць артэфакты перыяду неаліта – ранняга бронзавага стагоддзя.

Таксама за час змены юныя археолагі папрацавалі ў гімназічным музеі, дзе прысвойвалі QR-коды экспанатам, запусцілі ўласную кінастудыю “Канал Лета-TV”, здзейснілі віртуальнае падарожжа ў часы Вялікай Айчыннай вайны, наведалі ў Мінску музей археалогіі пры Інстытуце Гісторыі Акадэміі Навук Рэспублікі Беларусь.

Сваімі ўражаннямі ад сёлетняй змены ў профільным летніку падзяліліся гімназісткі Яна Гаспадарык, Карына Дораш, Таццяна Горбач, Анастасія Ванчук, якія адпачываюць тут другі год запар:

– Знаходжанне ў “Юным археолагу” для нас – гэта новы вопыт, задавальненне ад кожнай знаходкі, цікавыя людзі. Тут мы вельмі згуртаваліся, цясней пасябравалі, бо займаемся агульнай важнай і патрэбнай справай. Адметным і запамінальным быў кожны дзень змены. Асабліва запомнілася прысвячэнне ў археолагі, калі шукалі ключы ад дзвярэй у гэту навуку і сачынялі жартоўную легенду пра археолага. З вялікім азартам усе разам удзельнічалі ў раскопках, было дзіўна, што проста ў двары гімназіі, пад невялікім слоем глебы захоўваецца столькі цікавых рэчаў, якія ў свой час служылі ранейшым жыхарам нашага горада. Безумоўна, нам было прыемна дакрануцца да гісторыі, падзяліцца сваімі адкрыццямі з сябрамі, захаваць іх для іншых.

Ірына СТЫРНІК



Теги: