Да 75-годдзя вызвалення Беларусі

Да ведама грамадзян Свежыя навіны

Да юбілейнай даты ў аддзяленні дзённага знаходжання для інвалідаў “Праменьчык” Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна аформлены тэматычны стэнд.

Яго ўпрыгожыла чырвоная зорка, на фоне якой прымацаваны фотаздымкі ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны. Гэта родныя наведвальнікаў і спецыялістаў аддзялення, памяць пра якіх беражліва захоўваецца ў сем’ях і перадаецца з пакалення ў пакаленне. Побач у рамцы на сцяне шчымлівы верш К. Сіманава “Чакай мяне”. На стале – кнігі ваеннай тэматыкі і кветкі, якія ў знак удзячнасці ваеннаму пакаленню сваімі рукамі зрабілі людзі з абмежаванымі магчымасцямі.

У аддзяленні дзённага знаходжання для пажылых людзей таксама актыўна рыхтуюцца да юбілею вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Мудрыя людзі працуюць над афармленнем тэматычнага стэнду і тлумачаць, што з кожным днём ён будзе папаўняцца новымі экспанатамі. Ужо цяпер тут можна пабачыць некалькі рукатворных віншавальных паштовак, не падобных адна на адну. Адразу відаць, што ў свае работы майстрыхі ўклалі часцінку душы. Не дзіўна, бо кожная з іх стане падарункам для ветэранаў і ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны. Таксама стэнд упрыгожаць намаляваныя тэматычныя плакаты і кветкі з паперы. Чаму кветкі? Таму што менавіта яны ў ліпені ярка красуюць пад мірным небам Беларусі і менавіта іх дораць франтавікам, зякуючы за вызваленне нашай краіны.

Ірына СТЫРНІК



Теги: