Найчасцей няшчасныя выпадкі на вадзе звязаны з купаннем у неўстаноўленых месцах, катаннем на лодках і іншых плавальных сродках.
У гарадскіх вадаёмах небяспечна купацца ў неправераных месцах, асабліва скакаць з імправізаваных вышак. Забараняецца заплываць за агароджу (буйкі), якой абазначана мяжа паміж акваторыяй і месцам для купання. Катэгарычна забаронена купанне ў нецвярозым выглядзе. Ні ў якім разе нельга пакідаць дзяцей каля вады без нагляду.
Каб пазбегнуць няшчасных выпадкаў, неабходна карыстацца афіцыйна ўстаноўленымі пляжамі; навучыцца плаваць; перад дальнімі заплывамі навучыцца адпачываць на вадзе, лежачы на спіне і “паплаўком”. Нельга скакаць з абрываў і выпадковых вышак, не праверыўшы дно; заплываць за буйкі ці спрабаваць пераплываць вадаёмы; ладзіць у вадзе небяспечныя гульні; доўга знаходзіцца ў халоднай вадзе; заплываць далёка ад берага на надзіманых матрацах і кругах, калі не ўмееце плаваць. Калі ж знаходзіцеся ў лодках, нельга перасаджвацца, садзіцца на барты, перагружаць лодку звыш нормы, катацца каля шлюзаў, плацінаў, пасярод фарватара ракі.
Асаблівую ўвагу каля вады варта звяртаць на непаўналетніх. Іх нельга выпускаць з поля зроку, нельга дазваляць ім купацца ў неўстаноўленых месцах, далёка заплываць, тым больш скакаць у ваду з абрываў. Калі дзіця не ўмее плаваць, яно не павінна заходзіць у ваду глыбей, чым па пояс, абавязкова трэба, каб у такога дзіцяці былі надзіманы круг ці камізэлька.
Ірына ЯНОВІЧ,
следчы раённага аддзела Следчага камітэта