Восы, якія пасяліліся на прысядзібным участку, могуць прадстаўляць небяспеку для чалавека і хатніх жывёлін. Укусы вос выклікаюць моцную алергічную рэакцыю, якая ў адчувальных людзей можа прывесці нават да смяротнага зыходу. Асабліва небяспечныя ўкусы вос у галаву і шыю.
Восы могуць напасці на людзей, якія парушаюць цэласнасць гнёздаў або апынуліся блізка ад гнязда пры рабоце ў лесе, на дачным участку, у час адпачынку на прыродзе. Пазбегнуць непажаданых кантактаў з восамі дапамогуць прафілактычныя меры:
— выязджаючы на прыроду, перш чым выбраць месца для адпачынку, неабходна ўважліва агледзець тэрыторыю і ў выпадку выяўлення асіных гнёздаў або вялікай колькасці лятаючых вос лепш перанесці стаянку на другое месца;
— знішчэнне лятаючых вос паблізу гнязда можа выклікаць распаўсюджванне ферамонаў трывогі, якія паслужаць сігналам іншым восам да вылету з гнязда і нападу;
— не рабіце рэзкіх рухаў, адганяючы асу, гэта можа справакаваць ахоўную рэакцыю і напад на вас;
— не хадзіце босымі па траве, каб выпадкова не наступіць на асу;
— не пакідайце адкрытымі прадукты і напоі, бо воцатная кіслата марынадаў, алкаголь, фруктовыя сокі прывабліваюць вос;
— не апранайце ў лес яркую і светлую вопратку, асабліва жоўтага колеру;
— працуючы ў садзе ці на агародзе, апранайце галаўны ўбор;
— асобам, якія пакутуюць алергіяй, асабліва да ядаў насякомых, неабходна мець пры сабе набор неабходных супрацьалергенных прэпаратаў.
Знішчаць восы можна толькі ў выпадках, калі іх гнёзды размешчаны ўсярэдзіне або паблізу дзіцячых, лячэбных, жылых або вытворчых памяшканняў. Найбольш аператыўным метадам знішчэння вос з’яўляецца ліквідацыя гнязда разам з самкамі і расплодам. У пік развіцця сем’яў вос (другая палова лета) праводзіць такую работу самім не рэкамендуецца, бо гэта небяспечна без спецыяльнай экіпіроўкі і навыкаў.
Дзмітрый БОБІН,
інспектар Дзятлаўскага РАНС