Адпачынак са спартыўным настроем

Галоўнае Свежыя навіны Спорт і турызм

Для школьнікаў, якія на працягу года займаліся спортам і не хочуць спыняцца на дасягнутым на канікулах, пры Дзятлаўскай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе пачаў работу спартыўна-аздараўленчы летнік з дзённым знаходжаннем “Алімпіец”. За час яго працы з 3 па 26 чэрвеня ў ім адпачнуць і падмацуюць здароўе 98 дзяцей. Летнік працуе  на базе сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава і Казлоўшчынскай сярэдняй школы.

Асноўны напрамак працы летніка – спартыўны. Мэтай работы з’яўляецца працяг вучэбна-трэніровачнага працэсу выхаванцаў дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы, павышэнне ўзроўню іх спартыўнага майстэрства і агульнафізічнай падрыхтоўкі, а гэта азначае, што ў спартыўным летніку падлеткі не толькі адпачываюць, але і трэніруюцца, каб не страціць фізічную форму за час канікулаў.

Спорт умацоўвае мышцы, развівае вынослівасць і кемлівасць, вучыць працаваць у камандзе. Пуцёўка ў спартыўны летнік – гэта білет у свет, напоўнены новымі стартамі, перамогамі, уражаннямі і адкрыццямі, – дзеліцца дырэктар дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы Святлана Лагута. – Распарадак дня ў нас дастаткова насычаны. Кожны дзень пачынаецца з пастраення, зарадкі і бадзёрага прывітання. Поўны розных падзей і спартыўных мерапрыемстваў, ён  літаральна пралятае, а кожны наступны дзень дзеці чакаюць з нецярпеннем.

Акрамя спартыўных, для дзяцей распрацаваны  заняткі, якія накіраваны на навучанне асновам выжывання ў складаных умовах і сітуацыях, правілам арыентавання на мясцовасці, аказання першай медыцынскай дапамогі, псіхалагічную падтрымку ў экстрэмальных сітуацыях, спартыўны турызм. Падрыхтаваны для выхаванцаў і цэлы шэраг мерапрыемстваў па  экалагічным выхаванні. Акрамя гэтага, працягваецца работа па арганізацыі міжшкольных і маштабных раённых спартыўных мерапрыемстваў і спаборніцтваў.

На перыяд летняга адпачынку ў летніку “Алімпіец” з юнымі спартсменамі працуе прафесійная каманда трэнераў дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы, функцыянуюць спартыўныя пляцоўкі па міні-футболе, валейболе, баскетболе, футболе, настольным тэнісе, трэнажорная зала.

У “Алімпійцы” мы маем магчымасць актыўна займацца сваім любімым відам спорту пад кіраўніцтвам нашых вопытных трэнераў – лёгкай атлетыкай або футболам, а таксама спалучаць карысныя фізічныя нагрузкі з актыўным адпачынкам, – дзеляцца сваімі ўражаннямі выхаванцы атрада “Экстрэмалы”. – Мы з задавальненнем наведваем спартыўны летнік, не прапускаем ніводнай  трэніроўкі, з нецярпеннем чакаем спартыўныя іспыты кожнага наступнага дня. Сумаваць не прыходзіцца. Стараемся выконваць усе прапанаваныя трэнерам заданні. Гэта дазваляе нам быць  бадзёрымі, вясёлымі, дорыць цудоўны настрой, дазваляе падтрымліваць сябе ў добрай фізічнай форме.

Працоўны дзень у летніку пачынаецца ў 9 і доўжыцца да 16 гадзін. Па просьбах бацькоў з 16 да 17 гадзін у летніку працуе дзяжурная група выхавальнікаў, якая арганізуе вольны час дзяцей з карысцю.

Аксана АНДАЛЮКЕВІЧ



Теги: