Жыццёвы шлях чалавека пачынаецца з першай усмешкі мамы, з моцных рук вернага абаронцы – бацькі.
Менавіта дзякуючы ім мы пускаем трывалыя карані, вучымся нормам і правілам, якія дапамагаюць нам выстаяць перад тварам любых непрыемнасцяў і бед. Толькі ў сям’і мы атрымліваем любоў і клопат, якія саграваюць нас нягледзячы ні на адлегласці, ні на гады. Вучымся ўзаемадапамозе, цярпенню, адданасці…
У Дзень сям’і ў актавай зале Хвінявіцкага дзіцячага сада-сярэдняй школы сабралася шмат гасцей. З прывітальным віншавальным словам да прысутных звярнулася дырэктар школы Іна Орсік. Яна павіншавала ўсіх са святам, пажадала здароўя і ўсяго найлепшага. За актыўны ўдзел у развіцці ўстановы адукацыі бацькам навучэнцаў былі ўручаны падзячныя пісьмы і падарункі ад прадпрыемстваў, дзе яны працуюць – КСУП “Хвінявічы”, Дзям’янавіцкага лясніцтва, пярвічнай арганізацыі “Беларускі саюз жанчын” Хвінявіцкага дзіцячага сада-сярэдняй школы. Таксама са святам прысутных павіншавала інспектар Парэцкага сельскага савета Марыя Белавус.
Жывая музыка ў выкананні навучэнцаў установы адукацыі, танцавальны нумар выхаванцаў дашкольных груп, цудоўны вакал навучэнцаў пачатковых класаў, інсцэніроўкі піянераў, выразнае чытанне літаратурных твораў радавалі бацькоў, напаўняючы іх асаблівым гонарам за сваё дзіця. Слёзы радасці на вачах родных і блізкіх, шквал апладысментаў прысутных, крыкі «Брава!» – узнагарода нашым юным артыстам школьнай сцэны, якія вельмі стараліся. Завяршылася святочнае мерапрыемства выступленнем артыстаў Дзятлаўскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці. Свята атрымалася яркім, эмацыйным, цёплым і пранікнёным.
Нашы мудрыя продкі ведалі цану шчасцю і дабрабыту, і беспамылкова вызначалі самае важнае ў жыцці. «Сям’ёй шанаваць – шчаслівым быць», «Навошта скарб, калі ў сям’і лад», «У дружнай сям’і і ў холад цяпло» – вопыт мінулых пакаленняў вучыць нас шанаваць цяпло сямейнага ачага, берагчы сваіх блізкіх і разумець, як шмат значыць сям’я для кожнага з нас. Беражыце сваіх родных. Шануйце кожную хвіліну, праведзеную побач з блізкімі і роднымі. Няхай сям’я будзе ў кожнага чалавека.
Жанна БУДЗЕВІЧ