У адзінстве – наша сіла

Важнае Грамадства Свежыя навіны

 28 мая Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі горада Дзятлава гасцінна сустрэў самых маладых, вясёлых, актыўных і крэатыўных – членаў раённай арганізацыі ГА “БРПА”.

Дзясяты раённы злёт піянерскіх дружын “У адзінстве – наша сіла” быў прысвечаны 75-годдзю вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, а таксама 75-годдзю Гродзенскай вобласці.

У ім прынялі ўдзел дэлегацыі з 15-ці піянерскіх дружын раённых устаноў адукацыі, сярод дэлегатаў – лідары піянерскага руху, пераможцы абласных і рэспубліканскіх конкурсаў, валанцёры, цімураўцы, а таксама прадстаўнікі пярвічных арганізацый ГА “БРСМ”.

Гасцямі мерапрыемства сталі прадстаўнікі грамадскіх і дзяржаўных структур горада Дзятлава, сярод іх – галоўны спецыяліст аддзела адукацыі Дзятлаўскага райвыканкама Алена Гарановіч, першы сакратар раённага камітэта грамадскай арганізацыі “БРСМ” Кацярына Хілімончык, а таксама ветэраны піянерскага і камсамольскага руху Ганна Скрундзь і Людміла Халопік.

Праграму злёту адкрыла выступленне атрада барабаншчыц з гімназіі № 1 горада Дзятлава, затым у рамках флэш-кампаніі “Раўненне на сцяг!” у намінацыі  “Сцяг-шоу “Мы заўсёды і ўсюды наперадзе!” прайшлі паказальныя выступленні атрадаў піянерскіх  дружын сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава, Казлоўшчынскай і Вензавецкай сярэдніх школ.

У рамках флэш-кампаніі  “Піянеры Дзятлаўшчыны – новы фармат” ладзіўся віртуальны экскурс пад назвай “Сёння – акцябраты і піянеры, заўтра – цімураўцы і валанцёры”.

У ходзе работы флэш-кампаніі  “СуперТройка” ўвазе прысутных былі прадстаўлены творчыя прэзентацыі ўдзельнікаў абласнога этапу Рэспубліканскага конкурсу лідараў “СуперТройка” сярод членаў ГА “БРПА”. Свае прэзентацыі прадставілі піянерская дружына Раклевіцкай базавай школы і прызёр раённага этапу аднайменных спаборніцтваў – піянерская дружына Круцілавіцкай сярэдняй школы.

Разам з тым, у ходзе ўрачыстага сходу былі падведзены вынікі работы раённай арганізацыі ГА “БРПА”, накіраванай на годную сустрэчу знамянальных дат для нашай краіны, заслуханы справаздачы піянерскіх дружын па выніках работы за навучальны год.

Адным з самых прыемных момантаў урачыстасці стала ўзнагароджанне дружын-пераможцаў  па выніках раённых, абласных і рэспубліканскіх конкурсаў.

Апошнім этапам сустрэчы стаў удзел прадстаўнікоў  раённых піянерскіх  дружын у квэст-гульні пад назвай  “Наперад, піянерыя!”

Пераможцамі  інтэлектуальна-спартыўнай гульні сталі каманда піянерскай дружыны Вензавецкай СШ, а таксама зборная каманда Хвінявіцкай СШ, гімназіі № 1 і СШ № 1 горада Дзятлава. Другое месца – у каманды Казлоўшчынскай СШ, трэцяе месца падзялілі зборная каманда Гезгалаўскай СШ, Жукоўшчынскай БШ, а таксама зборная каманда СШ № 3 горада Дзятлава і Лявонавіцкай БШ.

Аксана АНДАЛЮКЕВІЧ