Шматдзетныя сем’і атрымалі кансультацыю

Важнае Свежыя навіны Эканоміка і сельская гаспадарка

11 мая ў Дзятлаўскім раённым выканаўчым камітэце адбылася інфармацыйная сустрэча прадстаўнікоў мясцовай улады, работнікаў банкаў са шматдзетнымі сем’ямі.

Размова ішла аб парадку прадастаўлення грамадзянам субсідыі на выплату часткі працэнтаў за карыстанне крэдытам і субсідыі на пагашэнне асноўнага доўгу па крэдыце ў адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 240 ад 4 ліпеня 2017 года “Аб дзяржаўнай падтрымцы грамадзян пры будаўніцтве (рэканструкцыі) жылых памяшканняў”. Узначаліў сустрэчу намеснік старшыні Дзятлаўскага райвыканкама Юрый Залеўскі.

Галоўны спецыяліст аддзела ЖКГ, архітэктуры і будаўніцтва Дзятлаўскага райвыканкама Сяргей Гародка растлумачыў, што ў нашай краіне адной з формаў дзяржаўнай падтрымкі грамадзян, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, з’яўляецца прадастаўленне дзяржаўных адрасных субсідый у жыллёвым будаўніцтве.

Прэтэндаваць на дапамогу дзяржавы ў вырашэнні кватэрнага пытання згодна з указам № 240 змогуць абазначаныя законам групы насельніцтва, пазначаныя ва ўказе № 13 2012 года, які таксама працягвае дзейнічаць. У іх ліку – шматдзетныя сем’і.

Механізм прадастаўлення дзяржаўных субсідый распрацаваны з улікам максімальнага захавання прынцыпаў дзеючай сістэмы дзяржаўнай падтрымкі жыллёвага будаўніцтва: сума дзяржаўнай падтрымкі будзе разлічвацца, зыходзячы з колькасці членаў сям’і, нарміруемых памераў жылога памяшкання і прыдзельнага нарматыву кошту будаўніцтва.

Указ № 240  дае права на дзяржпадтрымку пры будаўніцтве жылля для маладых і шматдзетных сем’яў.

Права на атрыманне субсідыі на пагашэнне асноўнага доўгу па крэдыце прадастаўляецца грамадзянам, якія маюць права на будаўніцтва кватэр у шматкватэрных і блакіраваных жылых дамах тыпавых спажывецкіх якасцяў або будаўніцтва аднакватэрных (індывідуальных) жылых дамоў з улікам складу сям’і і наяўнасцю  жылой плошчы ва ўласнасці, а таксама на рэканструкцыю (пашырэнне) аднакватэрных (індывідуальных) жылых дамоў.

Неабходна адзначыць, што Указ № 240 не прадугледжвае выдзяленне субсідый на выплату часткі працэнтаў за карыстанне крэдытам і пагашэнне асноўнага доўгу па крэдыце пры пакупцы жылля на пярвічным або другасным рынку.

Адрасныя субсідыі на выплату часткі працэнтаў за карыстанне крэдытам або на пагашэнне асноўнага доўгу па крэдыце на будаўніцтва жылля прадастаўляюцца шматдзетным сем’ям у залежнасці ад колькасці непаўналетніх дзяцей. У прыватнасці, сем’ям з трыма непаўналетнімі дзецьмі будзе пагашацца 95 % асноўнага доўгу па крэдыце, а сем’ям, якія выхоўваюць чацвёра і больш дзяцей, – у памеры 100 %. Рашэнне аб субсідзіраванні і максімальным памеры крэдыту і адраснай субсідыі прымае камісія райвыканкама з улікам складу сям’і і жылой плошчы, якая на момант звароту ўжо маецца ва ўласнасці шматдзетных бацькоў.

Кошт будаўніцтва метра квадратнага жылля ў горадзе складае 718 беларускіх рублёў,  для жыхароў сельскай мясцовасці – 940 беларускіх рублёў. На кожнага члена сям’і крэдытуецца па 20 метраў квадратных.

Прадстаўнікі банкаў падрабязней расказалі аб крэдытаванні фізічных асоб на будаўніцтва жылля з выкарыстаннем субсідыі ў рамках дзеючага Указа № 240, спыніліся на пераліку дакументаў, якія неабходна прадставіць у мясцовыя органы кіравання і аддзяленні банкаў.

У ходзе сустрэчы разглядаліся пытанні і іншых магчымасцяў паляпшэння жыллёвых умоў для шматдзетных сем’яў.

Так, для грамадзян, якія пастаянна пражываюць і працуюць у сельскай мясцовасці, прадстаўнікі банкаў прапанавалі скарыстацца магчымасцю атрымання крэдыту згодна з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 30 жніўня 2005 года № 405 “Аб некаторых мерах па будаўніцтве жылых дамоў (кватэр) у сельскагаспадарчых арганізацыях”. Згодна з законам, сельскагаспадарчыя арганізацыі, іншыя юрыдычныя асобы могуць ажыццяўляць перавод доўгу па льготных крэдытах, атрыманых імі ў ААТ “Белаграпрамбанк” на будаўніцтва (рэканструкцыю) або набыццё жылога дома (кватэры), рэканструкцыю аб’екта пад жылое памяшканне, на грамадзяніна, якому гэты жылы дом (кватэра, жылое памяшканне) прадастаўлены для пражывання, па заяве самаго грамадзяніна. Перавод доўгу па такім крэдыце адбываецца зыходзячы з плацежаздольнасці грамадзяніна са згоды ААТ “Белаграпрамбанк” з выплатай працэнтаў за карыстанне гэтым крэдытам у памеры 10 працэнтаў стаўкі рэфінансавання Нацыянальнага банка, дзеючай на дату пераводу доўгу па льготным крэдыце, але не менш за 3 працэнты гадавых (для шматдзетных сем’яў – з выплатай 1 працэнта гадавых). Пагашэнне запазычанасці па дадзеным крэдыце і выплата працэнтаў за карыстанне ім ажыццяўляюцца роўнымі долямі на працягу перыяду пагашэння крэдыту. Тэрмін пагашэння крэдыту з моманту яго прадастаўлення складае 20 гадоў.

Намеснік начальніка аддзела землеўпарадкавання райвыканкама Дзмітрый Залеўскі пазнаёміў прысутных з пералікам свабодных (незанятых) зямельных участкаў на тэрыторыі Дзятлаўскага раёна, якія могуць быць выдзелены грамадзянам для будаўніцтва і абслугоўвання аднакватэрных, блакіраваных жылых дамоў і парадку іх прадастаўлення.

Спецыяліст адзначыў, што з наяўнасцю зямельных участкаў пад будаўніцтва індывідуальных дамоў і планавым размяшчэнні  шматпавярховых дамоў кожны жадаючы можна азнаёміцца на сайце Дзятлаўскага райвыканкама ў раздзеле “Нерухомасць. Зямельныя ўчасткі”, акрамя гэтага,  спецыяліст аддзела землеўпарадкавання пазнаёміў з паэтапнасцю дзеянняў па прадастаўленні зямельнага ўчастка грамадзянам для будаўніцтва і абслугоўвання жылога дома, рэгістрацыі стварэння зямельнага ўчастка і ўзнікнення правоў на яго. Звярнуў увагу прысутных на ўважлівасць афармлення дакументаў пры пакупцы зямельнага ўчастка, правільнасць вызначэння яго межаў.

Аб тэрмінах вырабу праекта індывідуальнага жылога дома і падрыхтоўцы  дакументацыі на яго будаўніцтва  пазнаёміла прысутных інжынер Дзятлаўскага праектнага архітэктурна-планіровачнага бюро Ала Дарафейчык.

Яна адзначыла, што іх бюро можа прапанаваць заказчыку некалькі варыянтаў тыпавых праектаў індывідуальных дамоў агульнай плошчай да 80 метраў квадратных, разам з тым, па жаданні заказчыка, магчымы варыянт дапрацоўкі праекта індывідуальнага дома большай плошчы. Кошт распрацоўкі праектна-каштарыснай дакументацыі на аднакватэрны жылы дом тыпавога варыянта складзе каля 1300 беларускіх рублёў, індывідуальны праект абыдзецца заказчыкам каля 2000 беларускіх рублёў. Тэрмін вырабу праектна-каштарыснай дакументацыі залежыць ад пажаданняў заказчыка і зойме ад двух месяцаў і больш. Таксама спецыяліст адзначыла, што заказаць праектна-каштарысную дакументацыю магчыма як у Дзятлаўскім праектным архітэктурна-планіровачным бюро, так і ў любой іншай арганізацыі, якая мае на гэта ліцэнзію.

Галоўны спецыяліст аддзела ЖКГ, архітэктуры і будаўніцтва Дзятлаўскага райвыканкама Ала Пратас нагадала прысутным, што ў адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 75 ад 7 лютага 2006 года грамадзянам, якія пражываюць і працуюць у населеных пунктах з колькасцю насельніцтва да 20 тысяч чалавек, прадастаўляецца права карыстання льготным крэдытам на капітальны рамонт і рэканструкцыю жылых памяшканняў, будаўніцтва інжынерных сетак, узвядзення гаспадарчых памяшканняў і пабудоў. Гэта дае магчымасць шматдзетным бацькам палепшыць жыллёвыя ўмовы, а таксама пашырыць межы памяшканняў у індывідуальным жылым доме.

Такія крэдыты прадастаўляюцца ўстановамі банка працаздольным грамадзянам. Сярэднямесячны сукупны даход на кожнага члена сям’і не павінен перавышаць двухразовага сярэднямесячнага мінімальнага спажывецкага бюджэту сям’і з 4 чалавек, вылічанага за 12 месяцаў. Яшчэ адна абавязковая ўмова пры афармленні крэдыту: адзін з бацькоў павінен з’яўляцца ўласнікам жылых памяшканняў.

Ільготны крэдыт выдаецца тэрмінам на 10 гадоў. Працэнтная стаўка за карыстанне такім крэдытам складае 3 % гадавых.

Афармленне крэдыту грамадзянам, якія атрымліваюць заработную плату  ва ўстановах банка, магчыма без прадастаўлення даведкі аб даходах.

Максімальны памер ільготнага крэдыту складае 90 % кошту выдаткаў на капітальны рамонт і рэканструкцыю жылога памяшкання, будаўніцтва інжынерных сетак, узвядзенне гаспадарчых памяшканняў і пабудоў, вызначаных праектна-каштарыснай дакументацыяй, але не павінен перавышаць трохсоткратнага памеру базавай велічыні, якая дзейнічае на дзень уключэння грамадзяніна ва ўстаноўленым парадку ў спіс для льготнага крэдытавання.

Права на атрыманне такога льготнага крэдыту на названыя мэты можа быць выкарыстана аднаразова.

У ходзе сустрэчы спецыялісты адказалі на пытанні прысутных.

Грамадзянам, якія не змаглі прысутнічаць на сустрэчы, неабходна звяртацца па адрасную дапамогу і індывідуальныя кансультацыі да спецыялістаў аддзела ЖКГ, архітэктуры і будаўніцтва Дзятлаўскага райвыканкама, у мясцовыя органы кіравання па месцы жыхарства, а таксама ў аддзяленні ААТ  “Беларусбанк” і ААТ “Белаграпрамбанк”.

Аксана АНДАЛЮКЕВІЧ



Теги: