30 мая ў школах Дзятлаўшчыны празвінеў апошні званок. На ўрачыстых лінейках, якія ладзіліся для 2440 хлопчыкаў і дзяўчынак нашага раёна, настаўнікі віншавалі сваіх вучняў і іх бацькоў з заканчэннем навучальнага года, а выпускнікі дзякавалі педагогам за атрыманыя веды і праведзеныя разам школьныя гады, якія запомняцца кожнаму на ўсё жыццё.
Юныя жыхары Дзятлаўшчыны дэкламавалі вершы, спявалі кранальныя песні пра школу, а завяршэннем урачыстых лінеек у многіх установах па традыцыі стаў вальс выпускнікоў. Яшчэ адным багатым на эмоцыі момантам быў апошні званок. З гэтага моманту для 162 навучэнцаў 11-х класаў Дзятлаўшчыны пачынаецца дарослае жыццё. Адзінаццацікласнікаў яшчэ чакаюць экзамены і выпускны баль, цэнтралізаванае тэсціраванне і паступленне, прэтэндэнтамі на атрыманне атэстатаў асаблівага ўзору і ўручэнне медалёў з’яўляюцца 14 выпускнікоў. 216 нашых юных землякоў сёлета скончылі 9-я класы, ім таксама давядзецца здаваць экзамены, а некаторыя паспрабуюць паступаць, сярод дзевяцікласнікаў таксама ёсць 11 прэтэндэнтаў на атрыманне пасведчання асаблівага ўзору.
Прадстаўнікі раённай ўлады пабылі на свяце апошняга званка ў школах нашага раёна, павіншавалі дзятлаўчан з заканчэннем навучальнага года.
Старшыня Дзятлаўскага райвыканкама Аляксандр Дубовік наведаў урачыстую лінейку ў сярэдняй школе №1 горада Дзятлава і звярнуўся да ўдзельнікаў свята:
– Сёння ў школах Дзятлаўшчыны звініць апошні званок, які абвяшчае, што пачынаюцца канікулы – самы доўгачаканы час для дзятвы. Я кажу дзякуй усім навучэнцам за працавітасць, стараннасць, адказнасць на працягу навучальнага года. Вы дабіваецеся вынікаў, нас радуюць вашы перамогі на алімпіядах і ў творчых конкурсах. Дзякуючы вам, наш раён ведаюць не толькі ў вобласці і рэспубліцы, але і за мяжой.
Словы шчырай падзякі адрасую таксама бацькам і педагогам, якія заўсёды знаходзяцца побач з дзецьмі, дапамагаюць ім, падтрымліваюць. Няхай ваш далейшы ўдзел у выхаванні і навучанні падрастаючага пакалення садзейнічае станаўленню актыўнай жыццёвай пазіцыі хлопчыкаў і дзяўчынак, прынясе ім новыя перамогі і здзяйсненні.
***
У Гезгалаўскую сярэднюю школу павіншаваць рабят з заканчэннем навучальнага года завітаў намеснік старшыні райвыканкама Ігар Кухарэвіч. Ён пажадаў дзецям правесці канікулы з карысцю, а выпускнікам — добрай здачы экзаменаў. Таксама Ігар Кухарэвіч падзякаваў навучэнцам за іх дасягненні ў раённых і абласных алімпіядах і конкурсах, актыўнасць у мерапрыемствах розных маштабаў.
Да віншаванняў намесніка старшыні райвыканкама далучыўся дырэктар навучальнай установы Эдуард Ненартовіч.
Сёлета ў Гезгалаўскай сярэдняй школе няшмат выпускнікоў, але іх крэатыўнасць стала галоўнай фішкай свята: замест традыцыйнага вальса спачатку яны выканалі незвычайны танец «настаўнікаў».
Але і вальс усё ж такі быў. Да 75-годдзя заснавання Гродзенскай вобласці і вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў выпускнікі закружыліся на школьнай пляцоўцы пад мелагучную кампазіцыю.
Лепшыя навучэнцы школы атрымалі ўзнагароды за выдатную вучобу і свае ўласныя дасягненні.
***
Святочны настрой панаваў сёння і ў сярэдняй школе №3 горада Дзятлава.
Словы віншаванняў для навучэнцаў гучалі ад настаўнікаў, бацькоў, сяброў.
Адзін з самых прыемных момантаў — атрыманне ўзнагарод.
***
Свой першы навучальны год скончылі самыя маленькія вучні гімназіі №1 горада Дзятлава. Яны шчыра пажадалі выпускнікам поспехаў у дарослым жыцці.
***
Апошні званок для выпускнікоў і навучэнцаў Казлоўшчынскай сярэдняй школы ўпершыню прагучаў у сценах новага корпуса ўстановы, адкрыццё якога абдылося на пачатку гэтага навучальнага года.
Сёлета Казлоўшчынская сярэдняя школа адзначае знамянальную дату – свой 70-гадовы юбілей, а таму і сёлетні выпуск-2019 увойдзе ў гістарычны летапіс установы як юбілейны – 70-ы.
Сярод ганаровых гасцей урачыстага мерапрыемства былі старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі, кіраўнік спраў Казлоўшчынскага сельвыканкама Алена Ілюхіна.
Выпускнікі школы выказалі словы падзякі класным кіраўнікам, настаўнікам і бацькам.
З заканчэннем школы павіншавалі юнакоў і дзяўчат дырэктар Казлоўшчынскай сярэдняй школы Ігар Данільчык, класныя кіраўнікі, настаўнікі, бацькі.
***
У Вензавецкім дзіцячым садзе — сярэдняй школе з віншаваннямі выступіў кіраўнік справамі Дзятлаўскага райвыканкама Аляксандр Андруцэвіч.
У сваю чаргу выпускнікі парадавалі ўсіх развітальным школьным вальсам.
***
У Раклевіцкім дзіцячым садзе-базавай школе адбылася ўрачыстая лінейка, на якой прысутнічалі: начальнік фінансавага аддзела Дзятлаўскага райвыканкама Ірына Жэгала, старшыня Дзятлаўскага сельскага савета Аляксандр Маркушэўскі, намеснік дырэктара КСУП «Русь — Агра» па ідэалагічнай рабоце Вадзім Царык.
Ва ўрачыстай абстаноўцы былі ўручаны дыпломы пераможцам раённых, абласных, рэспубліканскіх конкурсаў і прадметных алімпіяд.
Творчая праграма разнастаіла свята і падарыла ўсім прыемны настрой.
***
У Раготнаўскім дзіцячым садзе-базавай школе прайшла ўрачыстая лінейка, на якой прысутнічалі: галоўны спецыяліст аддзела адукацыі Дзятлаўскага райвыканкама Алена Чайкоўская, намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце КСУП «Дварэц-Агра» Аляксандр Сачык, ксёндз Віктар.
Усе прысутныя павіншавалі навучэнцаў і іх бацькоў з заканчэннем навучальнага года. Кіраўніцтва КСУП «Дварэц-Агра» аказала матэрыяльную падтрымку дзецям перадавікоў працы.
***
Шмат цёплых слоў у адрас выпускнікоў прагучала і ў Хвінявіцкім дзіцячым садзе — сярэдняй школе.
***
«Школа, бывай!» — сказалі сёння дзевяцікласнікі Лявонавіцкага дзіцячага сада — базавай школы.
***
Запамінальным стаў гэты дзень і ў Дварэцкай сярэдняй школе.
***
Круцілавіцкі дзіцячы сад-сярэдняя школа адзначыў свята для ўсіх школьнікаў разам з мясцовым кіраваннем.
***
Апошні званок прагучаў у Новаяльнянскай сярэдняй школе.
***
Цікава прайшла апошняя ў гэтым навучальным годзе лінейка ў Жукоўшчынскім дзіцячым садзе-базавай школе.
***
Таркачоўскі дзіцячы сад-пачатковая школа развітаўся з навучальным годам.
На лінейцы прысутнічалі Сатараў А.Д., старшыня Дзятлаўскага раённага аб’яднання прафсаюзаў, Петрукевіч В.В., начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх аддзела унутраных спраў Дзятлаўскага райвыканкама , прадстаўнікі мясцовага соцыуму. Віншаванні, пажаданні, узнагароды, вершы, песні, добры настрой – усё гэта радавала прысутных на ўрачыстасці