У Перамогі святочны настрой

Важнае Культура і адпачынак Свежыя навіны

Песенна-танцавальныя і інтэрактыўныя пляцоўкі, дзіцячыя забавы і конкурсы – на Дзятлаўшчыне працягваюцца святочныя мерапрыемствы, прымеркаваныя да Дня Перамогі.

6 мая для дзятлаўчан і гасцей горада работнікамі раённых установаў культуры ладзілася літаратурна-музычная праграма “Вялікі май, Пераможны май”. Яна адлюстроўвала незабыўныя старонкі нашай краіны – выпрабаванні і подзвігі, цаной якіх была заваявана Перамога. Кожны жадаючы змог падтрымаць артыстаў і праспяваць разам з імі добравядомыя франтавыя песні, патанцаваць пад мелодыі ваенных гадоў.

Не засталіся па-за ўвагай і самыя маленькія жыхары. Для іх на працягу дня працавала дзіцячая інтэрактыўная пляцоўка “Планета дзяцінства”. Работнікі Дзятлаўскай раённай бібліятэкі прадставілі настольныя і забаўляльныя гульні, цікавыя інтэлектуальныя віктарыны.

Для падлеткаў працавала творчая пляцоўка. Юнакі і дзяўчаты змаглі паспытаць свае веды ў бліц-конкурсе “Мы аб вайне вершамі гаворым”. Артыстычныя здольнасці і ўменне захапіць увагу гледачоў – асноўныя крытэрыі, па якіх журы вызначала лепшых выканаўцаў паэтычных радкоў.

Акрамя гэтага, работнікі Дзятлаўскай раённай бібліятэкі падрыхтавалі для аматараў літаратурнай творчасці выставу-памяць “Вайною спапялёныя гады”, дзе да ўвагі чытачоў быў прадстаўлены агляд мастацкай і дакументальнай літаратуры ваенных і пасляваенных гадоў. Асаблівую ўвагу чытачоў прыцягнулі выданні сучасных аўтараў.

Мерапрыемствы для дзяцей і падлеткаў ладзіліся ў рамках бібліамарафона “У кніжнай памяці імгненні вайны”.

Пасля гэтага ўсе жадаючыя змаглі паўдзельнічаць і паспытаць свае магчымасці ў музычным рынгу “Успомнім песню франтавую”.

Аксана АНДАЛЮКЕВIЧ



Теги: