Гісторыя стварэння ваенных камісарыятаў адводзіць нас у глыбіню стагоддзяў. У далёкім 1918 годзе, 8 красавіка, Дэкрэтам Савета Народных Камісараў былі заснаваны мясцовыя апараты па фарміраванні Рабоча-Сялянскай Чырвонай Арміі. Менавіта гэты дзень стаў днём нараджэння мясцовых органаў ваеннага кіравання – ваенных камісарыятаў, а 7 жніўня 2006 года было заснавана прафесійнае свята – Дзень ваенных камісарыятаў.
Напярэдадні свята ваенны камісар Дзятлаўскага раёна падпалкоўнік Генадзь Суравец расказаў аб галоўных задачах ваенкамата:
– Сёння галоўнымі задачамі ў нас з’яўляюцца мабілізацыя людскіх і транспартных рэсурсаў, прызыў грамадзян на тэрміновую ваенную службу і службу ў рэзерве, ваенныя зборы, удзел у арганізацыі тэрытарыяльнай абароны. Акрамя гэтага, ваенны камісарыят праводзіць адбор кандыдатаў для паступлення ў вышэйшыя ваенныя навучальныя ўстановы, на ваенныя факультэты і кафедры грамадзянскіх навучальных установаў. Таксама ваенны камісарыят вырашае пытанні ваенна-патрыятычнага выхавання моладзі, сацыяльнай абароны і пенсійнага забеспячэння ваеннаслужачых запасу. Сумесна з органамі дзяржаўнага кіравання, мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі, арганізацыямі мы ажыццяўляем браніраванне грамадзян, якія знаходзяцца ў запасе, на перыяд мабiлiзацыi i на ваенны час, забяспечваем выкананне грамадзянамi воiнскага абавязку.
Ваенны камісарыят Дзятлаўскага раёна сёння – гэта згуртаваны калектыў аднадумцаў, здольны вырашаць задачы ваенна-мабілізацыйнай службы і ўлікова-прызыўной работы, удзелу ў арганізацыі тэрытарыяльнай абароны, сацыяльнай абароны і пенсійнага забеспячэння.
У святочны дзень ваенны камісар Дзятлаўскага раёна Генадзь Суравец выказвае падзяку ваенным ветэранам: падпалкоўнікам у адстаўцы А. Жукоўскаму, палкоўніку запасу В. Абухаву, маёру ў адстаўцы П. Пушкарову, маёру запасу А. Волкаву, маёру ў адстаўцы В. Грачову, старшым прапаршчыкам у адстаўцы А. Касперу і А. Панкевічу, Я. Загдай, Л. Кончык, Т. Лябецкай, Н. Філідовіч і многім іншым, хто ў розныя гады служыў і працаваў у сценах ваеннага камісарыята Дзятлаўскага раёна. Таксама Генадзь Суравец выказвае падзяку ваеннаслужачым і грамадзянскаму персаналу, якія праходзяць службу і працуюць у ваенным камісарыяце Дзятлаўскага раёна сёння, і жадае ўсім моцнага здароўя, актыўнай жыццёвай пазіцыі, дабра, аптымізму, міру і поспехаў у высакароднай справе служэння Айчыне.
Юлія БАКУНОВІЧ