У яслі-садзе № 1горада Дзятлава стала традыцыйным праводзіць тыдзень беларускай мовы.
Дэвізам тыдня з’яўляюцца словы – “Каб мова родная гучала”. Гучаць беларускія мелодыі, беларускія танцы. З самай раніцы ўсе вітаюцца на роднай мове, напамінаюць пра гэта інфармацыйныя стэнды. У групах лялькі Алесь і Янка, Марылька ці Бульбашык чакаюць дзяцей, заахвочваюць іх і дарослых на размову на беларускай мове.
Тэма тыдня беларускай мовы ў красавіку – “Вандроўка па малой Радзіме”. Галоўнай мэтай гэтага тыдня стала магчымасць паказаць дзецям не толькі мілагучнасць і прыгажосць беларускай мовы, але і прывіццё любові і павагі да сваёй малой радзімы. Любоў да радзімы, да роднай мовы пачынаецца з малога: з любові да сваёй сям’і, да свайго дома, дзіцячага садка.
У першы дзень адкрыцця тыдня выхаванцы разам з Несцеркам пачалі сваё віртуальнае падарожжа па вуліцах нашага горада, пазнаёміліся з яго гістарычнай старонкай.
З вялікай цікавасцю дзеці старшай групы прынялі ўдзел у пастаноўцы беларускай казкі на новы лад “Муха-пяюха”, якую паказалі для выхаванцаў малодшых груп. Удзел у віктарыне “ Мой родны горад” дазволіў актуалізаваць веды дзяцей аб родным горадзе, з вялікім задавальненнем яны ўдзельнічалі ў гульні “Залацінкі роднай мовы”. Галоўны герой мерапрыемства Буся дапамагаў рабятам праводзіць падарожжа з дапамогай макета горада, які быў зроблены разам з бацькамі выхаванцаў. Дзеці ўзгадвалі прыказкі і прымаўкі, гулялі ў беларускія народныя гульні. Закончыўся тыдзень у садку літаратурнай гасцёўняй, у якой прынялі ўдзел Алена Абрамчык і Раіса Лакіза. Таленавітыя жанчыны з задавальненнем чыталі дзецям свае вершы, расказвалі цікавыя гісторыі. Пасля праведзеных мерапрыемстваў можна ўпэўнена сказаць, што ў нашым дзіцячым садзе створаны неабходныя ўмовы для таго, каб маленькія беларусы выраслі сапраўднымі грамадзянамі, якія любяць сваю малую радзіму, ведаюць і паважаюць родную мову.
Святлана ІОДА,
намеснік загадчыка яслі-сада № 1горада Дзятлава