24 красавіка на базе сярэдняй школы № 38 горада Гродна ў рамках ХII рэспубліканскага фестывалю “Вясёлкавы карагод” адбыўся заключны гала-канцэрт мастацкай творчасці выхаванцаў і навучэнцаў дзіцячых дамоў, школ-інтэрнатаў, дапаможных школ, аддзяленняў дзіцячых прытулкаў сацыяльна-педагагічных цэнтраў, цэнтраў карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, дамоў-інтэрнатаў вобласці.
Юныя жыхары Дзятлаўскага раёна здзіўлялі журы сваімі творчымі дасягненнямі. Эма Каролік прачытала верш Вольгі Гражданцавай “Мама з дачкой”. Танцавальны калектыў “Сунічкі” прадставіў гарэзлівы танец “Кошка беспародная”. Яркай і цікавай была выстава творчых работ выхаванцаў прытулка “Беларускі матыў”, усе экспанаты якой выкананы ў этнастылі. Дзеці пастараліся адлюстраваць багаты свет нацыянальнай спадчыны, па колеры, стылі і сэнсе падбіралі кожны элемент сваёй работы.
Старанная падрыхтоўка педагогаў і іх выхаванцаў, творчы пошук, крэатыў, камандны дух далі свой плён. У намінацыі “Дэкаратыўна-прыкладная творчасць” Валерыя Гуз і Карына Шостак адзначаны дыпломам трэцяй ступені галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама. Дыплом другой ступені ў намінацыі “Эстрадны танец” заваяваў танцавальны калектыў “Сунічкі”. Эма Каролік стала пераможцай намінацыі “Чытальнікі” і ўладальніцай дыплома першай ступені.
Сацыяльна-педагагічны цэнтр горада Дзятлава прызнаны пераможцам абласнога этапу ХII рэспубліканскага фестывалю мастацкай творчасці “Вясёлкавы карагод” і адзначаны дыпломам “Лепшая ўстанова”.
Кіраўніцтва ўстановы выказвае шчырую падзяку выхаванцам і педагогам, а таксама кіраўніку танцавальнага калектыву “Сунічкі” Людміле Хрысценка за выдатную падрыхтоўку і яркія выступленні.
Кацярына ЛЯЎКЕВІЧ,
намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце сацыяльна-педагагічнага цэнтра горада Дзятлава