У рамках акцыі “Наш жывёлавод” старшыня Дзятлаўскага раённага камітэта прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Уладзімір Казак прыехаў у КСУП “Хвінявічы”, каб ушанаваць лепшых работнікаў гаспадаркі.
Ён наведаў фермы, дзе працуюць гэтыя работнікі, каб асабіста ўручыць ім Падзячныя лісты і падарункі. Іх атрымалі аператары машыннага даення малочнатаварнай фермы “Гута” Алена Барынава і Марына Кунцэвіч, брыгадзір жывёлагадоўлі малочнатаварнай фермы “Пушча” Таццяна Глушкевіч, брыгадзір жывёлагадоўчага комплексу па адкорме буйной рагатай жывёлы “Парэчча” Любоў Скіба.
Адна з лепшых аператараў машыннага даення не толькі гэтай гаспадаркі, але і ўсяго раёна Таццяна Гарошка, якая працуе на малочнатаварным комплексе “Парэчча-777”, ад Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі атрымала бясплатную пуцёўку ў санаторый “Крыніца”. Ужо ў чэрвені яна зможа адпачыць, падлячыцца, набрацца сіл і настрою на далейшую плённую працу.
Уладзімір Казак выказаў работнікам жывёлагадоўлі шчырую ўдзячнасць за працавітасць, вернасць выбранай прафесіі, адданасць свайму працоўнаму калектыву, роднай зямлі. Ён пажадаў, каб іх стараннасць і прафесіяналізм былі заўжды дастойна ацэнены і прыносілі добрыя вынікі. Да віншаванняў далучыўся і інжынер па ахове працы КСУП “Хвінявічы” Алег Драмкоў, які пажадаў гэтым старанным работнікам поспехаў, дабрабыту, упэўненасці ў сабе, здароўя, шчасця і міру.
Святлана ГРЫШЫНА
Фота Вольгі ЮШКЕВІЧ