6 красавіка ў Дзятлаўскай дзіцячай школе мастацтваў стартаваў VІІ адкрыты рэгіянальны конкурс дзіцячай беларускай творчасці “Лянок”. Удзел у ім прымаюць юныя музыкі і мастакі з чатырох раёнаў Гродзенскай вобласці.
У час урачыстага адкрыцця мерапрыемства прысутных павітаў намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Васіль Шыцько. Ён пажадаў удзельнікам, іх педагогам і балельшчыкам станоўчых эмоцый, яркіх выступленняў, поспехаў і перамогаў.
Невялікую святочную праграму да адкрыцця конкурсу падрыхтавалі гасцінныя дзятлаўчане. Прысутных парадавалі цымбалісткі Анастасія Салата і Яна Папроцкая, урывак з паэмы “Курган” Янкі Купалы выканаў Віктар Жылянін, наведвальнікі мастацкага аддзялення філіяла № 1 аграгарадка Гезгалы насмяшылі гледачоў арыгінальным нумарам “Гумарэска”, Вольга Гульнік і Валерыя Шалесная зыгралі вальс.
Варта зазначыць, што адкрыты рэгіянальны конкурс дзіцячай беларускай творчасці “Лянок” праводзіцца з 2009 года ў жанрах інструментальнае выканальніцтва, інструментальны ансамбль, вакал, вакальны ансамбль, выяўленчае мастацтва. Добрай яго традыцыяй стала супрацоўніцтва з сярэднімі спецыяльнымі навучальнымі ўстановамі. Інструментальнае майстэрства ўдзельнікаў “Лянка” ацэньваюць выкладчыкі Лідскага дзяржаўнага музычнага коледжа.
Сёлетні конкурс дзіцячай беларускай творчасці праходзіць у трох намінацыях. Першая – “Струнныя народныя інструменты”. Канкурсанты трох узроставых групаў (малодшай, сярэдняй, старэйшай) дэманструюць свае здольнасці, іграючы на цымбалах, домры, балалайцы, гітары. У другой намінацыі – “Духавыя інструменты” – таксама ўдзельнічаюць індывідуальныя выканаўцы трох узроставых катэгорый. Яны паказваюць, наколькі майсэрскінавучыліся іграць на блок-флейце, кларнэце, саксафоне, трубе, барытоне, флейце. Удзел у намінацыі “Выяўленчае мастацтва” прымаюць навучэнцы двух узроставых катэгорый – малодшай і старэйшай. З сабой яны прывезлі малюнкі-хатняе заданне для выставы кампазіцый “Беларускі каларыт” у вольнай тэхніцы. Студыйнае заданне для юных мастакоў – за чатыры гадзіны намаляваць акварэллю і гуашшу пейзаж на тэму “Беларусь – мая краіна”.
Конкурс “Лянок” сабраў у Дзятлаве 48 навучэнцаў школаў мастацтваў.
Ірына СТЫРНІК