У цэнтры аграгарадка Хвінявічы ў гонар 75-годдзя заснавання Гродзенскай вобласці з’явілася бярозавая алея.
Работнікі Парэцкага сельвыканкама і КСУП “Хвінявічы” дапамаглі “прапісацца” дзясяткам маладых дрэў у парку.
Старшыня сельвыканкама Аляксандр Ядэйка разам з кіраўніком сельгаспрадпрыемства Мікалаем Бубноўскім пастаянна арганізоўваюць работы па добраўпарадкаванні. Не стала выключэннем і сёлетняя вясна.
– Усім вядома яшчэ са школьных гадоў, што лес – гэта лёгкія планеты і крыніца кіслароду, без якога мы не змаглі б жыць на зямлі. Мы вырашылі пасадзіць маладыя дрэвы менавіта ў цэнтральнай частцы аграгарадка, каб пазбавіць мясцовых жыхароў ад забруджанага паветра. Нашы работнікі выказалі жаданне паўдзельнічаць у карысным мерапрыемстве. Я лічу, кожны вясковец павінен прыняць удзел у такіх грамадскіх справах, бо толькі агульнымі намаганнямі мы зможам зрабіць наш аграгарадок прыгожым і спрыяльным для жыцця, – пракаменціраваў Аляксандр Ядэйка.
– Пасадачным матэрыялам і неабходным інвентаром запасліся загадзя, – тлумачыць інжынер па ахове працы КСУП “Хвінявічы” Алег Драмкоў. – Вырашаючы, якія дрэвы пасадзіць, мы аддалі перавагу маладым бярозкам.
Неабходна адзначыць, што сёлета работнікамі мясцовай установы кіравання і сельгаспрадпрыемства ў цэнтральнай частцы аграгарадка праведзена работа па стварэнні ландшафтных кампазіцый, месцаў для адпачынку. Цяпер, укараняючыся, будзе радаваць аднавяскоўцаў яшчэ і маладая бярозавая алея.
Аксана АНДАЛЮКЕВІЧ