Шчаслівыя бацькі, якія прытрымліваюцца падобнага меркавання, сабраліся 30 красавіка ў сярэдняй школе № 1 горада Дзятлава, каб паўдзельнічаць у раённым этапе рэспубліканскага конкурсу “Сям’я года-2019”.
Прайсці іспыты, падзяліцца творчымі дасягненнямі, жыццёвым вопытам і пазмагацца за званне лідара вырашылі пяць сем’яў Дзятлаўшчыны: Кастусік, Кузьма, Макарчык, Шаўчук, Юргель.
Вітаючы прысутных, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Алена Васкель зазначыла, што сям’я – самая важная каштоўнасць у жыцці чалавека, паколькі для кожнага з’яўляецца апорай і падтрымкай. Нездарма ў нашай краіне шмат увагі надаецца павышэнню ролі і прэстыжу сем’яў, захаванню духоўна-маральных каштоўнасцяў, папулярызацыі ў грамадстве адказнага бацькоўства. Сямейны конкурс скіраваны на актуалізацыю гэтых ідэй і праводзіцца згодна з дзяржаўнай праграмай “Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека Рэспублікі Беларусь” на 2016-2020 гады.
Алена Васкель пажадала сем’ям-удзельніцам поспехаў у час выступленняў, расказала, што сям’я-пераможца прадставіць наш раён 24 мая ў Гродне на абласным этапе конкурсу.
Канкурсантам былі прапанаваны тры заданні. Першае – візітная картка сям’і “Радавод”, якая заклікала зазірнуць у мінулае і ўзгадаць гісторыю свайго роду, расказаць пра сямейныя звычаі і традыцыі. Кожная з сем’яў даказала, што памятае і шануе сваіх продкаў. Напрыклад, жыхары Наваельні Макарчыкі расказалі, што іх род жыве на Дзятлаўшчыне больш за стагоддзе. А сям’я Шаўчук з Дзятлава прапанавала зазірнуць у куфэрак, дзе захоўвае сямейныя рэліквіі. Не менш цікавыя аповеды аб сямейных традыцыях атрымаліся і ў іншых канкурсантаў.
Творчым і яркім было другое конкурснае заданне – прадстаўленне сацыяльна-значнага праекта “Мая сям’я – мая краіна”. Як высветлілася, усе сем’і сябруюць са спортам, і ў некаторых гэта сяброўства дае плён, што пацвярджаюць дасягненні і ўзнагароды.
У сем’ях нашых землякоў гадуюцца таленавітыя дзеці, многія з іх паспяхова асвоілі музычныя інструменты і дэманстравалі свой талент на сцэне. Сям’я Кузьма парадавала гледачоў яшчэ і дынамічным танцам. Жыхары аграгарадка Дварэц Кастусікі паказалі відэаролік аб малой радзіме і расказалі, што іх тата – хлебароб, працуе на палетках мясцовай гаспадаркі. Шаўчукі прапанавалі больш часу праводзіць разам з дзецьмі і стварыць у райцэнтры сямейны клуб. Сям’я Юргель падзялілася марай аб вялікім доме, паспрабавала пабудаваць яго на сцэне з цаглінак дабрыні, даверу, узаемаразумення, любові. Макарчыкі так разрэкламавалі прыгажосць і маляўнічасць роднай Наваельні, якую лічаць не горшай за замежныя курорты, што некаторыя з прысутных у зале выказалі жаданне наведаць пасёлак у бліжэйшыя выхадныя.
Трэцім конкурсным заданнем стала выстава сямейнай творчасці, якая “расказала” аб захапленнях нашых землякоў і пацвердзіла, што яны беражліва захоўваюць і ўдасканальваюць рамёствы продкаў.
У час іспытаў канкурсанты прадэманстравалі добрую падрыхтоўку і адказны падыход да заданняў. Журы было нялёгка выбраць лепшую з сем’яў. Тым не менш, па агульнай суме балаў пераможцай раённага этапу конкурсу стала сям’я Макарчыкаў, якая даказала, што дастойна прадставіць Дзятлаўшчыну на абласным этапе. Дыпломам за другое месца адзначана сям’я Юргель. “Бронза” раённага этапу дасталася сям’і Шаўчук. Каштоўныя падарункі атрымалі ўсе сем’і-ўдзельніцы.
Раённы этап конкурсу быў падрыхтаваны аддзяленнем першаснага прыёму інфармацыі, аналізу, прагназавання, сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна пры падтрымцы раённага выканаўчага камітэта, упраўленняў па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне, аддзела адукацыі райвыканкама. У якасці спонсараў выступілі ААТ “Дзятлаўскі сыраробны завод”, раённыя арганізацыі грамадскіх аб’яднанняў “БРСМ”, “Белая Русь”, “Беларускі саюз жанчын”, “Таварыства Чырвонага Крыжа”. Падарункі падрыхтавалі і арганізацыі, дзе працуюць бацькі. Святочны настрой удзельнікам сустрэчы дарылі работнікі культуры.
Ірына КАЎКЕЛЬ