Экскурсія ў Навагрудак

Важнае Грамадства Свежыя навіны

У рамках акцыі “Да суседзяў” і школьнага праекта “Памятаем! Ганарымся!”, які прысвечаны 75-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, вучні Таркачоўскага дзіцячага сада–пачатковай школы здзейснілі падарожжа ў горад Навагрудак.

Але першым прыпынкам стаў аграгарадок Кашалева, дзе наведалі музей “Спадчына” мясцовай школы. Дзеці азнаёміліся з экспазіцыямі “Наш край у гады Вялікай Айчыннай вайны”, “Жыццё і побыт беларусаў канца 19 – пачатку 20 стагоддзя”, “Гісторыя роднай школы”. Вельмі цікавым быў аповед экскурсавода аб падзеях Вялікай Айчыннай вайны, якія адбываліся на тэрыторыі аграгарадка і Навагрудскага раёна.

Затым мы наведалі Навагрудскі гісторыка-краязнаўчы музей. Значную частку яго экспазіцыі займае тэма Вялікай Айчыннай вайны. На адным са стэндаў вучні ўбачылі архіўны фотаздымак партызанскай сям’і Мазураў з вёскі Дубатоўка, якая знаходзіцца недалёка ад Таркачоў. У музеі хлопчыкаў найбольш зацікавіла зброя і абмундзіраванне, а дзяўчынак – быт у партызанскім атрадзе.

Найбольшыя ўражанні выклікала ў навучэнцаў мемарыяльная экспазіцыя “Яўрэйскае супраціўленне на Навагрудчыне ў гады Халакосту”. Дзеці даведаліся пра люк, які вёў у падземны тунэль. Яны прайшлі па тым месцы, дзе пад зямлёй знаходзіўся тунэль, які стаў дарогай жыцця для 250 вязняў навагрудскага яўрэйскага гета. У тым месцы, дзе заканчваўся тунэль, узведзена Сцяна слёз. Памяць загінулых навучэнцы ўшанавалі хвілінай маўчання.

Па дарозе дадому вучні яшчэ доўга абмяркоўвалі пачутае і ўбачанае, дзяліліся ўражаннямі. Подзвіг яўрэйскіх вязняў навагрудскага гета назаўсёды застанецца ў іх памяці.

Вольга КАРДАШ,
настаўніца Таркачоўскага дзіцячага сада–пачатковай школы



Теги: