3 ліпеня гэтага года дзятлаўчане, як і ўвесь беларускі народ, будуць адзначаць 75-ую гадавіну вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у Вялікай Айчыннай вайне.
Застаецца яшчэ шмат невядомых старонак гісторыі барацьбы нашага народа супраць фашызму, у час якой загінуў кожны трэці беларус.
Вывучаючы архіўныя даведкі аб дзейнасці 3-й і 10-й армій Заходняга фронту ў чэрвені 1941 года, удалося ўстанавіць некаторыя падрабязнасці адступлення Чырвонай Арміі і баявых дзеянняў войскаў на Гродзеншчыне, і на Дзятлаўшчыне ў прыватнасці. Вельмі важкі матэрыял прадаставіў вядучы спецыяліст ваеннага камісарыята Дзятлаўскага раёна В. Абухаў. Шмат цікавых фактаў атрымана з кнігі Д. Ягорава “Июнь 1941. Разгром Западного фронта”. Аб першых днях вайны расказаў ветэран працы Чэслаў Ярмаловіч, якому ў гэтым годзе споўніцца 89 гадоў. Гісторык-краязнаўца Дзмітрый Кузьма падзяліўся сваімі матэрыяламі аб першых днях вайны на сучаснай тэрыторыі раёна.
Напярэдадні
Першага верасня 1939 года фашысцкая Германія пачала Другую сусветную вайну. 17 верасня Чырвоная Армія перайшла савецка-польскую мяжу, і ўжо 18 верасня Дзятлава, Навагрудак, Слонім, Ваўкавыск былі вызвалены з-пад улады буржуазнай Польшчы. У выніку вераснёўскага паходу тэрыторыя Заходняй Беларусі была ўключана ў склад БССР. 15 студзеня 1940 года ў складзе Баранавіцкай вобласці ўтвораны Дзятлаўскі раён, які 12 кастрычніка 1940 года быў падзелены на 15 сельсаветаў. Пачыналася мірнае жыццё.
Падрыхтоўка да ваенных дзеянняў
У гэты час фашысцкая Германія пачала распрацоўку плана па нападзенні на СССР. 20 снежня 1940 года Гітлерам была зацверджана дырэктыва, якая атрымала назву “Барбароса”. Галоўная яе мэта заключалася ў тым, што “асноўныя сілы рускіх сухапутных войскаў, якія знаходзяцца ў Заходняй Расіі, павінны быць знішчаны ў смелых аперацыях шляхам глыбокага, хуткага руху танкавых клінаў. Адступленне баяздольных войскаў на шырокія прасторы рускай тэрыторыі павінна быць спынена”. План прадугледжваў нападзенне па трох асноўных накірунках. Група армій “Цэнтр” пад камандаваннем генерал-фельдмаршала фон Бока павінна была ажыццявіць прарыў з раёна Варшавы і Сувалак у накірунку Смаленска, затым разам з войскамі групы арміі “Поўнач” разбіць савецкія войскі ў Прыбалтыцы і адкрыць шлях на Маскву. Ім у дапамогу былі дадзены 2-я танкавая група Гейнца Гудэрыяна і 3-я танкавая група Германа Гота. Для ўзаемадзеяння з наземнымі групоўкамі быў выдзелены 2-і паветраны флот фельдмаршала Альберта Кессельрынга, у распараджэнні якога было каля 1600 самалётаў.
Савецкі ўрад на заходніх межах стварыў Заходнюю асобую ваенную акругу пад кіраўніцтвам Д. Г. Паўлава. На ўзбраенне ваеннай акругі са студзеня 1941 года пачалі пастаўляць новыя танкі КВ-1, КВ-2, Т-34. Так у 11-ым механізаваным корпусе генерала Д. Маставенкі на 22 чэрвеня 1941 года было 238 танкаў Т-34. На жаль, яны прыбылі за тыдзень да пачатку вайны. Не было поўнага боекамплекту, танкісты не прайшлі курс навучання. Для абароны была створана сістэма УРаў (умацаваных раёнаў), якая атрымала неафіцыйную назву “лінія Молатава”. У склад Заходняй акругі ўваходзілі войскі 13 авіяпалкоў старога фарміравання, 23 авіяпалкі новага фарміравання, 6 – бамбардзіровачных. Меркавалася выкарыстаць сілы 35 стралковых, 3 танкавых, адной мотастралковай, 3 кавалерыйскіх дывізій, 4 танкавых брыгад. Гэтыя сілы размяркоўваліся паміж армейскімі злучэннямі: 3-я армія, 10-я армія, 13-я армія, 4-я армія, а яшчэ 3 стралковыя дывізіі заставаліся ў рэзерве франтавога камандавання. У Беластоцкай і Баранавіцкай абласцях былі войскі 3-й і 10-й армій. 3-й арміяй камандаваў генерал-лейтэнант В. Кузняцоў (начальнік штаба генерал-лейтэнант А. К. Кандрацьеў), войскамі 10-й арміі – генерал-лейтэнант Г. Голубеў (начальнік штаба генерал-маёр П. І. Ляпін).
Адступленне
Раніцай 22 чэрвеня 1941 года фашысцкая Германія без аб’яўлення вайны напала на СССР. Войскі Заходняй ваеннай акругі не былі поўнасцю прыведзены ў стан баявой гатоўнасці. Першымі ўдар прынялі пагранічныя заставы, кулямётныя і артылерыйскія разлікі ўмацаваных раёнаў. Пад націскам пераўзыходзячых па сваёй баявой магутнасці нямецкіх войскаў войскі Заходняй асобай акругі пачалі адступленне на ўсход. Быў сфарміраваны Заходні фронт. Жорсткія баі адбываліся пры пераправах праз раку Нёман, асабліва каля горада Масты, дзе праціўнік знішчыў амаль усе масты і пераправы. У аператыўнай зводцы штаба Заходняга фронту №8 ад 27 чэрвеня 1941 года адзначалася: “10-я армія. Часці арміі ажыццявілі планавы адыход і ў 10 гадзін 26 чэрвеня 1941 года галовамі калон падышлі да ракі Зяльвянка, пераправы якой былі захоплены праціўнікам. Звестак аб далейшым становішчы войск не паступіла”.
Штаб Заходняга фронту ў гэты час размяшчаўся ў Магілёве. 28 чэрвеня часці нямецкіх армій, якія наступалі з раёна горада Гродна на паўднёвы ўсход, паўночней Слоніма, злучыліся з войскамі 4-й нямецкай арміі, што ішлі з раёна горада Брэста ў паўночна-ўсходнім накірунку. Большая частка часцей 3-й і 10-й армій савецкіх войскаў былі адрэзаны ад асноўных сілаў і з баямі імкнуліся вырвацца з акружэння. В. Кузняцоў накіраваў на пошукі 11-га мехкорпуса начальніка штаба баявой падрыхтоўкі палкоўніка В. Іванова з радыёстанцыяй на ўсход. Пасля масіраванай бамбёжкі авіяцыяй праціўніка, па словах маёра В. Грэчанічэнкі, “…у гэты дзень канчаткова перасталі існаваць як воінскія фарміраванні злучэнні і часці 10-й ударнай арміі. Усё перамяшалася і валам кацілася на ўсход”. 28 чэрвеня танкавыя часці Гота і Гудэрыяна ўварваліся ў Мінск.
Падрыхтаваў да друку Міхаіл ЛУК’ЯНЧЫК, краязнаўца